Л. Ярмошына: Яўка выбаршчыкаў склала 74,8%

12 сентября 2016

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбыліся ва ўсіх акругах. Пра гэта сёння на выніковай прэс-канферэнцыі ў інфармацыйным цэнтры заявіла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Пры гэтым 28 дэпутатаў увайшлі ў вышэйшы заканадаўчы орган улады ўжо другі раз. У новым складзе шырока прадстаўленыя і палітычныя партыі. Сама кампанія была свабоднай і ліберальнай і вызначалася актыўнасцю кандыдатаў і адсутнасцю безальтэрнатыўных акруг. Нагадаем, конкурс на адно дэпутацкае крэсла складаў больш за 4 чалавекі.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: 
"Мне прыемна паведаміць, што выбары адбыліся, і яўка выбаршчыкаў склала 74,8%. У выбарах прыняло ўдзел у абсалютных лічбах 5 212 745 выбаршчыкаў. Я магу сказаць, што гэтыя лічбы супадаюць у асноўным з той лічбай, якая была 4 гады таму назад. Розніца на дзве дзясятыя. Тады 74,6%. Хачу сказаць, што дэпутаты абраныя па ўсіх акругах, 110. Прычым абраныя ў склад парламента 38 жанчын. Гэта 34%. Адразу магу сказаць, што гэта на 9% больш, чым 4 гады назад. Такім чынам, мы ўзмацнілі гендарнае прадстаўніцтва. Калі гаварыць пра тых, хто абраны ў парламент, то гэта наступныя вядомыя людзі. Гэта Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аўстрыі і Харватыі па сумяшчальніцтве Валерый Варанецкі, гэта Ігар Марзалюк, які быў членам Савета Рэспублікі, ён загадчык кафедры археалогіі, Міхаіл Мілаванаў, намеснік дырэктара Музея гісторыі горада Мінска, спявачка Ірына Дарафеева. У парламенце будзе прадстаўленая Ліберальна-дэмакратычная партыя ў асобе аднаго дэпутата, Беларуская патрыятычная партыя - 3 дэпутаты, АГП - 1 дэпутат. Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці - 3 дэпутаты і Кампартыя Беларусі - 8 дэпутатаў".