А зараз да галоўнай будучай палітычнай падзеі ў Беларусі - парламенцкіх выбараў. Паводле звестак ЦВК, кандыдатамі ў дэпутаты вылучана 630 чалавек. Зараз выбаркамы правяраюць іх дакументы, затым будзе прынята рашэнне аб рэгістрацыі або адмове ў ёй. Колькасць кандыдатаў, якія змогуць пачаць агітацыю, стане вядома пасля 11 жніўня. Аднак эксперты ўжо называюць гэту кампанію найбольш актыўнай з усіх. Напрыклад, колькасць ахвотнікаў заняць дэпутацкае крэсла ад Магілёўскай вобласці ўжо ўдвая большая, чым раней.
Расказвае Андрэй Ястрабаў. Пакватэрны абход для Святланы Балуценкі і Ільі Клусовіча - справа звыклая. Не толькі звяраюць спісы, але і здароўем выбаршчыкаў цікавяцца, разглядаючы варыянты датэрміновага галасавання на будучых выбарах. І дома ў сам дзень галасавання.
Святлана Балуценка, член участковай выбарчай камісіі № 16 г. Магілёва: "Наша асноўная задача - ахапіць усіх выбаршчыкаў нашага ўчастка. Выявіць новых асоб, якія толькі сёлета дасягнулі 18 гадоў. Растлумачыць, дзе і калі яны могуць прагаласаваць".
У саміх жа выбаркамах дэталёва правераецца зараз кожная з кандыдатур. Камісіі вывучаюць пакеты дакументаў, пададзеныя патэнцыяльнымі кандыдатамі. Адсеяцца яны могуць па розных прычынах. Напрыклад, наяўнасць у падпісных лістах несапраўдных подпісаў. Правяраюць іх члены камісій і зараз. Уключна да 11 жніўня.
Вольга Кліменкова, старшыня акруговай выбарчай камісіі Магілёўскай цэнтральнай выбарчай акругі № 85: "Яны маюць магчымасць і выйсці да выбаршчыка, спытаць аб тых подпісах, якія былі на вылучэнні, і звярнуцца ў арганізацыі і ўстановы горада Магілёва, каб даведацца сапраўднасць тых дакументаў, якія мы атрымалі ў камісію".
Эксперты адзначаюць: у Магілёўскай вобласці 4 гады таму на парламенцкіх выбарах кандыдатаў было крыху больш за 40. Зараз прэтэндэнтаў удвая больш.
Валерый Берастаў, старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі: "85 патэнцыяльных кандыдатаў на 13 акруг - гэта ў сярэднім прыпадае па 6 з паловай патэнцыяльных кандыдатаў на адну выбарчую акругу ў Магілёўскай вобласці. Таму нейкія здагадкі, што дзесьці могуць быць на Магілёўшчыне безальтэрнатыўныя выбары, ужо безгрунтоўныя".
Цікавасць да перадвыбарнай кампаніі высокая. Цэнтрвыбаркам ужо акрэдытаваў 731 нацыянальнага назіральніка. а таксама 243 міжнародных. 183 чалавекі прадстаўляюць місію СНД, у тым ліку 8 Міжпарламенцкую асамблею.
Мурат Ташыбаеў, назіральнік ад Выканкама СНД: "Мы хацелі б адзначыць добрую падрыхтоўку кіраўнікоў акруговых выбарчых камісій, а таксама прафесійны падыход з боку прадстаўнікоў участковых выбарчых камісій. У той жа час ідзе даволі справядлівы, роўны падыход да ўсіх".
Гэты падрыхтоўчы этап перадвыбарнай кампаніі завершыцца 11 жніўня. Ужо 12-га стане вядома і аб колькасці кандыдатаў у дэпутаты. І, адпаведна, хто гэтыя людзі, якія партыі, працоўныя калектывы яны будуць прадстаўляць на выбарах.
З моманту рэгістрацыі кандыдатаў пачнецца барацьба за галасы - этап агітацыі. Лістоўкі, сустрэчы з выбаршчыкамі, канцэрты, эфіры на радыё і тэлебачанні. У штабах прэтэндэнтаў ужо рыхтуюцца да самага актыўнага этапу кампаніі.













