Вызначальным момантам у жыцці краіны сёлета стануць і парламенцкія выбары. Сёння ўжо ўсе абласныя і Мінскі гарадскі выканкамы ўзгаднілі з ЦВК апісанні выбарчых акруг. Ключавыя аспекты маючай адбыцца падзеі сёння абмяркоўвалі на пасяджэнні з актывам "Белай Русі". Гатоўнасць да палітычнай падзеі Старшыня Цэнтрвыбаркама ацаніла на 80%. Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пройдуць у адзін тур, і пераможцаў вызначыць прынцып адноснай большасці. Якія яшчэ асаблівасці былі разгледжаныя - падрабязнасці ў Святланы Лук'янюк.
Ужо менш чым праз месяц, 17 мая, ЦВК збярэцца на пасяджэнне, каб зацвердзіць дакументы, па якіх і будуць працаваць выбарчыя камісіі. Сама падрыхтоўка сёння ў завяршальнай стадыі. Ужо вызначыліся з межамі акруг. Галоўнае, каб яны былі прыкладна роўнымі па колькасці выбаршчыкаў. Сярэдняя колькасць - каля 64 тысяч чалавек.
Самая вялікая колькасць выбарчых акруг у Мінску - іх 20. У Магілёўскай і Гродзенскай абласцях - па 13. У буйных рэгіёнах - Мінскай і Гомельскай абласцях - па 17, у Віцебскай - 14, а ў Брэсцкай - 16.
Кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў стартуе ў Беларусі ў пачатку чэрвеня, пасля афіцыйнага зацвярджэння даты выбараў. Мяркуецца, што яны пройдуць 11 верасня. Асаблівасці гэтай парламенцкай кампаніі - 2016 - выбары пройдуць у адзін тур. А пераможцу вызначыць прынцып адноснай большасці.
Аб прынятых навацыях выбарчага заканадаўства кіраўнік ЦВК сёння гаварыла на семінары па ўдзеле аб'яднання "Белая Русь" у парламенцкіх выбарах. Яна назвала іх самымі складанымі і канфліктнымі. Менавіта пасля кампаніі 2012 года вырашана было падкарэкціраваць некаторыя моманты.
Лідзія Ярмошына, Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі: "У нас уведзена правіла: можна балаціравацца толькі па адной выбарчай акрузе. У нас менавіта з-за непрыстойных паводзін нашай апазіцыі на выбарах 2012 года ўведзена правіла: не можа давераная асоба быць адначасова і кандыдатам у дэпутаты. У нас адбылася адмова ад дзяржаўнага фінансавання перадвыбарнай агітацыйнай кампаніі кандыдатаў, толькі асабістыя фінансавыя фонды кандыдатаў".
Памер гэтых асабістых фондаў - да тысячы базавых велічынь. На сёння гэта 210 мільёнаў рублёў. Як і падчас прэзідэнцкай гонкі, грошы можна выдаткоўваць на лістоўкі і плакаты. Да актыўнай працы з тымі, хто падтрымае сваімі галасамі прэтэндэнтаў у дэпутаты, заклікала будучых кандыдатаў і Лідзія Ярмошына. Бо на мінулых выбарах толькі 60% з іх апублікавалі свае перадвыбарныя праграмы. На гэтых кандыдаты гатовыя свае погляды даносіць да выбаршчыкаў і праз сацыяльныя сеткі.
Скарыстацца сваім выбарчым правам змогуць і невідушчыя беларусы, як і падчас прэзідэнцкай кампаніі. Для каардынацыі працы ўсіх структур аб'яднанне "Белая Русь" сёння стварыла адзіны штаб. На гэтых парламенцкіх выбарах ён заклікае сваіх кандыдатаў больш сустракацца з людзьмі, удзельнічаць у зборы подпісаў.
А палітычныя партыі на гэтых на выбарах змогуць упершыню прызначыць у акруговую камісію свайго прадстаўніка з правам дарадчага голасу. Яго статус ад статусу назіральніка адрозніваецца магчымасцю дыскутаваць падчас пасяджэнняў, знаёміцца з матэрыяламі і з праектамі рашэнняў.
Лідзія Ярмошына, Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі: "Падрыхтоўка да выбараў ідзе. Я мяркую, можна ўжо гаварыць аб гатоўнасці на 80% усіх мерапрыемстваў, калі б выбары аб'явілі дзесьці на днях, мы б на працягу літаральна некалькіх дзён дапрацавалі ўсё тое, што неабходна".
Старшыня Цэнтрвыбаркама рэкамендуе і мясцовым уладам больш актыўна ўключацца ў выбарчы працэс: вызначыцца з пляцоўкамі для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі, каб гэта былі камфортныя памяшканні ў даступных месцах. А таксама не эканоміць на лістоўках, бо кандыдатаў па сваёй акрузе людзі павінны ведаць у твар.













