Кітай - Беларусь. Стратэгія збліжэння

29 апреля 2018

Рэха звароту Прэзідэнта да народа і парламента было чуваць далёка за межамі Беларусі. Так, важны меседж Аляксандр Лукашэнка адрасаваў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Адзін з найважнейшых партнёраў нашай краіны ўжо даўно адкрыў вароты Вялікай сцяны: сёння Кітай - другая па велічыні эканоміка свету з выдатнымі шанцамі зусім хутка стаць сусветным фінансавым лідарам. А маштабная ініцыятыва "Адзін пояс - адзін шлях" ужо зараз дае свае важкія вынікі. Менавіта тут, на новым этапе, для Беларусі адкрываюцца нябачаныя раней гарызонты - новыя сумесныя праекты, развіццё сувязяў паміж рэгіёнамі і далейшая работа над жамчужынай "Новага шаўковага шляху" - індустрыяльным паркам "Вялікі камень".

Ужо сёлета колькасць кампаній-рэзідэнтаў дасягне 40, а 10 з іх у найбліжэйшы час запусцяць свае вытворчасці. Пры гэтым Беларусь натхняе не толькі бізнесменаў Паднябеснай, але і людзей творчасці. Як у Пекіне з'явілася беларуска-кітайская сцяна дружбы? І калі на найбуйнейшым сусветным кірмашы можна будзе ўбачыць вітрыны з нашымі таварамі? Карэспандэнты "Галоўнага эфіру" высвятлялі, якой ведаюць Беларусь на іншым краі свету.

Расказвае Ян Пашкевіч. Зараз мы ля падножжа Вялікай кітайскай сцяны. Стагоддзямі яна была сімвалам закрытасці кітайскага народа, але зараз, як і ўся краіна, яна стала адкрытай свету. І пацвярджэнне таму - шматлікія флагі, вывешаныя прама ля ўваходу. Вядома ж, першае, што нам, беларусам, кінулася ў вочы - першы флаг - гэта наш дзяржаўны сімвал, што сведчыць аб высокім узроўні адносін паміж Кітаем і Беларуссю. Прыехалі мы сюды, каб зрабіць узыходжанне на Вялікую кітайскую сцяну, якраз гэтак жа ўгару зараз ідуць і адносіны паміж Кітаем і Беларуссю. А таму падчас нашага пад’ёму мы раскажам аб перспектывах нашых народаў.

На свой палітычны Эверэст кітайска-беларускае сяброўства ўзносіцца, быццам сілы гравітацыі зусім не існуе. Беларускі ўзор з'явіўся на поясе Шаўковага шляху не так даўно, а краіны ўжо апярэзалі сотні агульных праектаў, краевугольны з якіх - індустрыяльны парк "Вялікі камень".

Марскі горад, які заўсёды заставаўся на плаву, - Гуанчжоу - сталіца правінцыі Гуандун - стаў першым адкрытым для сусветнага гандлю портам яшчэ ў часы дынастыі Цін. Сёння сюды свае кампаніі пераносяць бізнес-гіганты з топ-500 сусветных карпарацый. А гэтым летам тут адкрыюць і генеральнае консульства Беларусі.

Растуць да нябёсаў у правінцыі не толькі небаскробы. Гадавы ВУП Гуандун ужо абагнаў эканамічныя паказчыкі Расіі. Двойчы на год тут жа з'яўляецца найбуйнейшы сусветны гіпермаркет - Кантонскі кірмаш, дзе сваю піяр-тэрыторыю здабудуць і беларускія брэнды. Адсюль жа пад "Вялікі камень" пацяклі фінансавыя патокі магутных смарт-кампаній Кітая. Толькі IT-гігант "Хуавей" праз некалькі тыдняў адкрые ў Беларусі вялікі адукацыйны цэнтр для тысячы студэнтаў і спецыялістаў. Там жа з'явіцца дэманстрацыйная зала рашэнняў для горада будучыні. Першым паселішчам з высокім узроўнем штучнага IQ стане якраз індустрыяльны парк.

Гадавы даход кампаніі хутка дасягне 100 мільярдаў долараў. Частка сумы стане інвестыцыямі ў новую беларускую мару аб стварэнні IT-краіны.

Акрамя вялізнай каменнай мяжы старажытнага Кітая прама ў Пекіне з'явілася і яшчэ адна вялікая арт-сцяна.

А вось у гандлёвых стасунках сцен у беларуска-кітайскім сяброўстве становіцца ўсё менш. Сёлета беларусы літаральна запрасілі жыхароў Кітая да свайго стала - на рынку Паднябеснай з’явіліся наша ялавічына, малако, праз некалькі тыдняў тут жа акажацца і птушка. А да канца года Беларусі ў Кітаі стане яшчэ больш.

Беларускі край за тысячы кіламетраў ад радзімы. Не толькі эканамічны, але і турыстычны імідж Беларусі ствараюць у пасольстве нашай краіны.

З глыбінь беларускіх азёр чэрпаюць натхненне нават кітайскія мастакі.

Кірыл Руды, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі: "Вядома, найбольшую папулярнасць нашай краіне надае наш Прэзідэнт - ён самы вядомы беларус. І яго сям'я таксама. Нашы прэзідэнты сустракаюцца кожны год. Сёлета гэта будзе падчас ШАС, што вельмі добра для двухбаковых адносін".

Якраз на гэтым тыдні прайшла сустрэча кіраўнікоў МЗС краін - удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Журналісцкая праца нагадвала гладыятарскія баі - за ўдалае фота і інтэрв'ю змагаліся паўсотні журналістаў з больш чым дзясятка краін свету.

Краіны Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва - гэта амаль палова насельніцтва планеты і пятая частка сусветнага ВУП. Беларусь тут мае статус дзяржавы-назіральніка. Стварэнне новых сувязяў з нашай краінай - адна з топ-тэм на саміце міністраў.

Ван І, міністр замежных спраў Кітая: "Усе краіны - удзельніцы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва маюць намер умацоўваць эканамічныя і дыпламатычныя кантакты з дзяржавамі-назіральнікамі. Наша арганізацыя павінна стаць узорам наладжвання новага тыпу міжнародных адносін на аснове ўзаемадапамогі, павагі, раўнапраўя, справядлівасці і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва".

І вось наша журналісцкая алегорыя заканчваецца на самай вяршыні гэтага ўчастка сцяны - вышэй падняцца проста немагчыма. Ззаду больш чым 4 км крутых пад’ёмаў і перападаў вышынь, але тым больш каштоўным становіцца гэты шлях, як і ва ўзаемных адносінах. Толькі тут на самім піку можна ацаніць тыя перспектывы, якія адкрываюцца.