Як вывесці адносіны Мінска і Нур-Султана на новы якасны ўзровень гаварылі сёння ў Палацы Незалежнасці

23 мая 2019

Вывесці ўзаемныя адносіны Мінска і Нур-Султана  на новы якасны ўзровень. Пра тое, як гэта зрабіць, сёння ў Палацы Незалежнасці гаварылі Прэзідэнт Беларусі і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў нашай краіне.  Адзін з прыярытэтных кірункаў - перамовы па пастаўках нафты.  Узаемаразуменне ў гэтым пытанні ёсць, бо напярэдадні ўжо адбылася сустрэча  з нафтаперапрацоўчымі кампаніямі з азіяцкай рэспублікі. У перамовах у далейшым прыме ўдзел і Расія.  Яшчэ адзін важны момант - гандлёвы дысбаланс. 

За мінулы год Беларусь і Казахстан нагандлявалі амаль на мільярд долараў. Аднак  куды важнейшыя  перспектывы, якія адкрываюць не толькі вуглевадароды і гандаль.  Нур-Султан  зацікаўлены ў беларускім прамысловым вопыце.  Зараз там працуе  8 сумесных зборачных вытворчасцяў нашай тэхнікі.  Плануюць  яшчэ больш. 

Да абмеркавання пытанняў больш цеснага і дынамічнага супрацоўніцтва  вернуцца ўжо на наступным тыдні. Плануецца, што Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у саміце ЕАЭС у Нур-Султане.  Там рыхтуюцца да сустрэч беларускага лідара з Прэзідэнтам Казахстана  Касым-Жамартам Такаевым  і першым прэзідэнтам краіны  Нурсултанам Назарбаевым.