Як прайшоў першы дзень галасавання

6 октября 2015

Першыя бюлетэні ўжо сёння запоўнілі беларускія выбаршчыкі. Роўна ў 10 раніцы па ўсёй краіне і за яе межамі стартавала датэрміновае галасаванне. Усяго ж свае дзверы адчынілі больш як 6 тысяч выбарчых участкаў. Паводле інфармацыі экспертаў, для галоўнай палітычнай кампаніі года аддрукавана больш за 7 мільёнаў бюлетэняў. Як прайшоў першы дзень галасавання і хто з творчай эліты зрабіў свой выбар сёння - падрабязнасці ў Дзмітрыя Смірнова.

Вось так афіцыйна ў прысутнасці выбарчай камісіі сёння апячаталі ўрны на ўсіх участках у Беларусі і за мяжой. З 10 раніцы 6 кастрычніка і да 10 кастрычніка ўключна - датэрміновае галасаванне для тых, хто па нейкіх прычынах не зможа прагаласаваць непасрэдна ў дзень выбараў.

Шматлікія маладыя людзі ўпершыню прымуць удзел у выбарах. Толькі ў Гродзенскай вобласці такіх каля 9 тысяч чалавек. Тых, хто сёння прыйшоў на выбарчы ўчастак, чакаў сюрпрыз.

Сёння ж прагаласавалі і прадстаўнікі творчай эліты Беларусі. Так народны артыст Анатоль Ярмоленка і салістка легендарнага ансамбля "Сябры" Алеся ўжо пакінулі аўтограф у спісе выбаршчыкаў. З раніцы зорная сям'я адправілася на свой участак па месцы рэгістрацыі.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў перад камандзіроўкай у Кітай спецыяльна ўзгадніў свой графік і прыйшоў на выбарчы ўчастак.

З 10 раніцы па мясцовым часе адкрыліся ўчасткі для галасавання і за мяжой. Усяго за мяжой у дыпламатычных місіях Беларусі іх 49. Напрыклад, у Расіі ўвесь час датэрміновага галасавання і непасрэдна ў асноўны дзень выбараў будуць працаваць 4 выбарчыя ўчасткі - у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе і Растове-на-Доне. Акрамя гэтага, выязное галасаванне 11 кастрычніка арганізуюць і ў Сочы, у санаторыі "Беларусь". Самы вялікі спіс галасуючых - у Маскве, ён знаходзіцца ў новым дзелавым і культурным комплексе пры пасольстве нашай краіны.

Сёння ў Маскве ўжо прагаласавалі некалькі дзясяткаў чалавек - сярод іх навучэнцы сталічных ВНУ і дыпламаты, якія па абавязку службы ад'язджаюць ў камандзіроўку.

Паводле слоў назіральнікаў, пік актыўнасці выбаршчыкаў прыпаў на раніцу.

Сяргей Шкода, нацыянальны назіральнік: "Першы дзень праходзіць даволі спакойна, але ў той жа час я бы сказаў, што актыўна, плюс усё арганізавана на годным узроўні, і з боку назіральнікаў, і з майго боку ніякіх заўваг няма".

Для зручнасці выбаршчыкаў на адным з участкаў у Гродне праграмісты запусцілі сайт, дзе кожны можа праверыць, да якой акругі ён належыць, даведацца адрас і тэлефон выбарчай камісіі і пакінуць заяўку, каб галасаванне 11 кастрычніка правялі дома, калі ёсць такая неабходнасць.

Уладзімір Сытых, старшыня ўчастковай камісіі №15 г. Гродна: "Набраўшы прозвішча, імя, імя па бацьку і год нараджэння, адкрываюцца на сайце ўсе вашы звесткі, дзе вы занесеныя ў спісы. Толькі ваш радок, не парушаючы ніякіх таямніц асобы. Гэта было вельмі важна для нас".

Толькі ў Гродзенскай вобласці зарэгістравана больш за 778 тысяч выбаршчыкаў. І кожны аддадзены голас будзе зафіксаваны.

Празрыстымі і даступнымі для шырокага кола будуць і вынікі датэрміновага галасавання. З сённяшняга дня і аж да 10 кастрычніка рэгіянальныя выбарчыя камісіі штодня будуць адпраўляць выніковую інфармацыю ў Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі.

Пасля кожнага падобнага маніторынгу галасавання інфармацыя будзе абнаўляцца.

Валерый Саўко, старшыня Гродзенскай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта: "Сёння ўжо па выніках галасавання будуць вывешаныя пратаколы для ўсеагульнага агляду - кожны голас будзе ўлічаны, тут схаваць нешта проста немагчыма".

Датэрміновае галасаванне прадоўжыцца аж да 10 кастрычніка ўключна. Участкі будуць адчыненыя з 10 раніцы да 14:00 і з 16:00 да 19 гадзін вечара.