Працаваць сёння пачалі беларускія сенатары і дэпутаты

2 апреля 2015

Першыя надалі асноўную ўвагу сістэме працы са зваротамі грамадзян. А ў Палаце прадстаўнікоў ішла размова аб змяненнях і дапаўненнях у законы аб прамысловай бяспецы, біржавым гандлі і грамадзянстве. Дар'я Белавусава-Пятроўская з падрабязнасцямі.

 

Згодна з  рэгламентам, праца вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў пачынаецца ў 10 раніцы. Але некаторыя дэпутаты змянілі свой графік. За паўгадзіны да афіцыйнага адкрыцця прама ў фае Вольга Палітыка правяла журналістам брыфінг на тэму прамысловай бяспекі. Нягледзячы на тое, што за апошнія 5 гадоў аварыі на вытворчасцях знізіліся ў 7 разоў, на некаторых прадпрыемствах абсталяванне моцна зношана. І задача новага закона - не дапусціць няшчасных выпадкаў.

Вольга Палітыка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Кажучы простай мовай, любы небяспечны вытворчы аб'ект яшчэ да пачатку эксплуатацыі будзе ўключацца ў дзяржрэестр небяспечных вытворчых аб'ектаў і выключацца з яго толькі пасля вываду з эксплуатацыі. Г.з., аб'ект можа змяняць уласнікаў, можа ўваходзіць у розныя структуры, мадэрнізавацца, рэканструявацца, але з рэестру ён не знікне, а значыць і з поля зроку кантралюючых органаў".

З прывітальным словам да дэпутатаў звяртаецца старшыня Палаты прадстаўнікоў. У сваёй прамове асаблівую ўвагу Уладзімір Андрэйчанка звяртае на працу падчас вясновай сесіі ў  выбарчых акругах. Бо наперадзе важная палітычная падзея года - прэзідэнцкія выбары.

Нягледзячы на тое, што сесія вясновая, абстаноўка ў Авальнай зале Дома ўрада нагадвае трапічнае лета. Гарачыя дыскусіі выклікаў законапраект "Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай". Нягледзячы на тое, што Міністэрства аховы здароўя і МУС 5 гадоў таму заключылі пагадненне аб сумесным суправаджэнні зняволеных, інфекцыйных хворых, пытанне дагэтуль адкрыта.

Нямала змяненняў унесена ў Закон аб грамадзянстве. Атрымаць яго  магчыма пасля 7 гадоў бесперапыннага пражывання ў краіне. Праўда, гэта не будзе тычыцца дзяцей, народжаных у Беларусі.

Тамара Красоўская, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Калі дзіця нарадзілася ў нас у краіне, але яго бацькі не з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі, яно аўтаматычна ім становіцца. Гэта прапісана ў канвенцыі".

Усяго на вясновай сесіі будзе разгледжана каля 40 законапраектаў. Адзін з самых папулярных - барацьба з карупцыяй. Асноўны ўпор зроблены на ўзмацненне кантролю за даходамі чыноўнікаў і іх сваякоў.

Летам 2014 года Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду падрыхтаваць абноўленую версію законапраекта аб барацьбе з карупцыяй. Прычым трэба было ўлічваць меркаванне не толькі распрацоўшчыкаў, але і простых грамадзян. Законапраект вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Дакумент быў апублікаваны ў СМІ, кожны мог яго вывучыць і пакінуць свае каментарыі.

Распрацоўшчыкі атрымалі больш за 300 прапаноў. Зараз суму, якая перавышае 2 тысячы базавых велічынь, трэба дэклараваць. А за растрату дзяржмаёмасці можна будзе пазбавіцца пенсіі.

Паралельна з дэпутатамі сёння працу пачалі і сенатары. У Савеце Рэспублікі адкрылася 9-я сесія 5 склікання. Паводле слоў старшыні верхняй палаты парламента, працу са зваротамі грамадзян трэба ўдасканальваць. Нягледзячы на тое, што сенатары правялі ў рэгіёнах больш за 180 асабістых прыёмаў і разгледзелі амаль 2 тысячы зваротаў,  праблемы па-ранейшаму застаюцца. У першую чаргу гэта тычыцца будаўніцтва і прыватызацыі жылля.