Выбарчая кампанія ў Беларусі выйшла на фінішную прамую

12 февраля 2018

Ужо заўтра стартуе датэрміновае галасаванне. Завершыцца электаральная гонка 2018 у нядзелю. У спісах каля 7 мільёнаў выбаршчыкаў. Ім трэба абраць больш як 18 тысяч дэпутатаў мясцовых Саветаў. Кандыдаты і іх каманды зараз актыўна праводзяць агітацыю. Як заявіў "Галоўнаму эфіру" дырэктар Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Ігар Катляроў, паводле вынікаў апошніх даследаванняў, пытанні, якія хвалююць сёння грамадзян, знайшлі адлюстраванне ў праграмах кандыдатаў. Гэта праблемы п'янства, недабрабытных сямей, адсутнасці розных форм вольнага часу, у першую чаргу, на сяле. Яўка выбаршчыкаў на цяперашніх выбарах, на думку сацыёлага, у розных раёнах краіны будзе адрознівацца.

Ігар Катляроў, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі: "Там, дзе добра працавалі дэпутаты цяперашняга склікання, там будзе 90% яўка, там, дзе хтосьці працаваў значна горш, там, вядома, будзе некалькі па-іншаму. Калі хтосьці гаворыць, што не патрэбныя дэпутаты сельскіх саветаў, наша даследаванне паказвае, што гэта не так. Менавіта яны бліжэй за ўсіх знаходзяцца да простых людзей, праз іх ідзе сігнал да вышэйшых органаў улады, плюс сацыяльная практыка, калі вырашаюць гэтыя праблемы".

Выбарчая кампанія ў цэлым праходзіць спакойна і арганізавана, адзначылі ў Цэнтрвыбаркаме.