Выбарчая кампанія ў Беларусі выйшла на фінішную прамую

29 августа 2016

Літаральна тыдзень застаўся да пачатку датэрміновага галасавання.

Яно стартуе 6 верасня. На месца ў парламенце прэтэндуюць 498 кандыдатаў. Асабістыя рахункі для фінансавання агітацыі адкрыў 361 прэтэндэнт на дэпутацкае крэсла. Менавіта гэты паказчык, па меркаванні кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, дэманструе рэальны конкурс.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Вось гэты знак - тое, што лічба тых, хто адкрыў рахункі асабістыя фінансавыя 361, яна як бы ўтрымоўвае падказку, колькіх кандыдатаў у нас можа застацца ў сухім астатку. Гэта значыць усе астатнія асобы не спяшаюцца адкрыць рахункі, вырабіць плакаты, праводзіць за сябе агітацыю, таму мяне, вядома, гэта крыху насцярожвае. Хоць, можа хтосьці і ўдзельнічае ў выбарах на бясплатных падставах, лічачы тое, што дае яму дзяржава, дастаткова".

Акрэдытацыю на парламенцкія выбары атрымалі амаль 19 тысяч нацыянальных і 4 сотні міжнародных назіральнікаў. Выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі пройдуць 11 верасня.