Ільхам Аліеў: Беларусь - краіна развіцця, прагрэсу і парадку

25 апреля 2016

Супрацоўніцтва Азербайджана і Беларусі як у двухбаковым плане, так і ў рамках працы ў міжнародных арганізацыях сведчыць пра адзінства падыходаў і поглядаў краін на сусветныя праблемы. Пра гэта заявіў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч падчас візіту ў Баку. Паспяховае развіццё двухбаковых сувязяў у палітычнай, эканамічнай і іншых сферах было адзначана на сустрэчы Мясніковіча з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. Бакі разгледзелі падыходы ў новых праектах. Ужо паспяхова працуе сумесны праект па вытворчасці машынабудаўнічай прадукцыі ў Гянджы. Добрыя перспектывы ў найбуйнейшага гандлёва-лагістычнага праекта ў Беларусі, які фактычна ўжо пачаў працаваць. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, у перспектыве магчымая рэалізацыя новых інвестыцыйных праектаў, у прыватнасці, удзел бакоў у эканамічным поясе "Новага Шаўковага шляху". Міхаіл Мясніковіч таксама адзначыў ролю кіраўнікоў дзяржаў у развіцці адносін паміж дзвюма краінамі.

У сваю чаргу прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў адзначыў Беларусь як краіну развіцця, прагрэсу і парадку. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў вялікае значэнне нашай краіны на міжнароднай арэне. Напярэдадні Міхаіл Мясніковіч наведаў Туркменістан. У Ашхабадзе Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч сустрэўся з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым. Кіраўнік гэтай краіны заявіў пра намер наведаць Беларусь з афіцыйным візітам у маі. Таксама адбыліся перамовы з намеснікамі старшыні Кабінета Міністраў Туркменістана і іншымі афіцыйнымі асобамі.