Гучныя заявы прагучалі ў Палаце прадстаўнікоў

7 июня 2018

Кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык пацвердзіў праанансаваныя нядаўна Прэзідэнтам краіны новыя выкрыцці. Вядомыя шматлікія факты, але імёны парушальнікаў закона пакуль не называюцца. Агульная сума хабараў за год - 140 тысяч долараў. І гэтая лічба, па словах Вакульчыка, яшчэ не канчатковая.

Валерый Вакульчык, Старшыня Камітэта дзяржбяспекі Беларусі: "Ёсць бясспрэчныя доказы. Па шэрагу пытанняў распрацоўкі ідуць дастаткова працяглы час. У выпадку, пра які я гавару, мы займаліся гэтай работай дастакова доўга, замацоўвалі, таму што гэта носіць маштабны характар".

Усе падрабязнасці карупцыйных затрыманняў старшыня КДБ абяцаў паведаміць на працягу двух тыдняў. Вядома, што затрыманы некалькі высокіх службовых асоб.

Сёння ж дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах. Зараз іх можна праводзіць у вызначаных для гэтага месцах па апавяшчальным прынцыпе, гэта значыць дазвол атрымліваць не трэба. Новаўвядзенні датычацца таксама працы журналістаў. У цэлым законапраект закліканы ўдасканаліць сістэму бяспекі на адкрытых пляцоўках. Тэма правапарушэнняў у грамадскіх месцах, у прыватнасці, на вуліцы Зыбіцкай сёння таксама абмяркоўвалася ў Палаце прадстаўнікоў. Там плануюць усталяваць камеры відэаназірання. Сітуацыю на адной з самых ажыўленых "начных" вуліц сталіцы журналістам пракаменціраваў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Ігар Шуневіч, Міністр унутраных спраў Беларусі: "Асаблівай цікавасці ні да вуліцы, ні да нейкіх пэўных устаноў у нас няма, але мы рэагуем на аператыўную сітуацыю. У дадзеным выпадку ў гэтай частцы горада пастаянна адбываюцца парушэнні грамадскага парадку. Няхай дробныя, але адбываюцца. Камеры вонкавага назірання ўсталёўваюцца ў адпаведнасці з законам, аб'екты законам вызначаны. І нейкая вуліца выключэннем не можа быць".

Сёння ж міністр унутраных спраў паведаміў, што завершаны працэс рэфармавання сістэмы МУС. Яго вынікам з'явілася скарачэнне на 10 % супрацоўнікаў усіх органаў і падраздзяленняў у асноўным за кошт кіраўніцкага складу. Аднак на якасць працы гэта не паўплывала, запэўніў Ігар Шуневіч.