"Усходняе партнёрства" з'яўляецца ключавым у знешняй палітыцы Еўрасаюза. Пра гэта сёння заявіла кіраўнік дыпламатыі ЕС Федэрыка Магерыні. У гэтыя хвіліны ў Люксембургу праходзіць сустрэча міністраў замежных спраў краін - удзельніц "Усходняга партнёрства" з прадстаўнікамі кіраўніцтва ЕС. Беларусь прадстаўляе кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей. Бакам трэба будзе ацаніць вынікі гэтай ініцыятывы і перспектывы на будучыню. Сумесна з еўрапейскімі партнёрамі прадстаўнікі краін "Усходняга партнёрства" падвядуць папярэднія вынікі выканання абавязацельстваў у рамках праграмы, уключаючы прыярытэты ў ініцыятыве "20 дасягненняў да 20-га года".
Федэрыка Магерыні, вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі: "Мы будзем рады сустрэчы з міністрамі замежных спраў 6 краін "Усходняга партнёрства". Сустрэча дасць магчымасць аднавіць палітычны дыялог паміж ЕС і ўсходнімі партнёрамі. Гэта ключавая частка знешняй палітыкі Еўрасаюза".
Нагадаем, праграма "Усходняе партнёрства", накіраваная на збліжэнне ЕС з шасцю суседзямі - Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Украінай і Малдовай, стартавала ў 2009 годзе на саміце ў Празе.













