Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына падзялілася новай інфармацыяй

30 июля 2015

У Беларусі працягваецца кампанія, якая выклікае вялікую цікавасць не толькі тут, але і за мяжой. Выбары Прэзідэнта 2015. Ужо тыдзень у краіне ідзе збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. Інфармацыю аб рабоце членаў ініцыятыўных груп і арганізацыі пікетаў па зборы подпісаў можна даведацца на спецыяльным сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі "Выбары 2015". І сёння, у эксклюзіўным інтэрв'ю праграме "Панарама" Кіраўнік Цэнтрвыбаркама падзялілася новай інфармацыяй. Так Лідзія Ярмошына паведаміла, што павялічылася колькасць патэнцыйных кандыдатаў на вылучэнне ў Прэзідэнты, якія адкрылі свае асабістыя разліковыя рахункі.

Лідзія Ярмошына, Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі:

"Мне вельмі прыемна, што тыя, хто вылучаецца, скарысталіся гэтым новаўвядзеннем, таму што яно з'явілася толькі тры гады назад, і пры ранейшых выбарах не ўжывалася. Менавіта магчымасць адкрыць свой рахунак, асабісты фінансавых фонд для збору ахвяраванняў з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Пяць чалавек адкрылі гэтыя рахункі, і, я спадзяюся, што выбаршчыкі падтрымаюць нашых патэнцыйных кандыдатаў і дапамогуць ім грашыма".

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, выбарчая кампанія праходзіць спакойна. У ЦВК не паступіла ні адной скаргі наконт работы ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты. Такія скаргі таксама не паступалі ў праваахоўныя органы. Як адзначыла кіраўнік ЦВК, гэта гаворыць пра тое, што мясцовыя ўлады распачалі ўсе неабходныя меры для таго, каб работа па зборы подпісаў праходзіла ў максімальна ліберальных умовах.