Кіраўнік Савета Рэспублікі сарыентаваў дэпутатаў на новы стыль працы

3 февраля 2015

Новыя стыль і формы працы беларускага дэпутата сёння абмяркоўвалі ў Маладзечне. Асноўным спікерам па гэтым пытанні выступіў кіраўнік Савета Рэспублікі. Міхаіл Мясніковіч прыняў удзел у пасяджэнні 9-й пазачарговай сесіі. На яго думку, аператыўнасць і якасць вырашэння той або іншай праблемы залежыць ад сумеснай працы дэпутацкага корпуса і мясцовай улады. Пад табу павінны быць фармалізм і папяровая цяганіна.

Спікер верхняй палаты сёння арыентаваў дэпутатаў на разнастайную сістэму працы са зваротамі грамадзян. Большасць пытанняў павінны вырашацца не ў кабінетах, а падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі. Міхаіл Мясніковіч даў свайго роду майстар-клас. За час паўтарагадзіннай гутаркі свае пытанні спікеру верхняй палаты і дэпутатам змаглі задаць супрацоўнікі "Амкадора", завода парашковай металургіі і прадпрыемства "Забудова".