Германія зацікаўлена ў збліжэнні Еўрапейскага саюза і Беларусі

13 марта 2017

Гэта заявіў сёння Дзяржаўны міністр па еўрапейскіх справах МЗС ФРГ Міхаэль Рот па выніках перамоў з Міністрам замежных спраў нашай краіны Уладзімірам Макеем. Мерапрыемства ў Мінску было прымеркавана да 25-годдзя аднаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі. Бакі абмеркавалі шырокае кола пытанняў, у тым ліку развіццё палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння, падвялі вынікі супрацоўніцтва і абмеркавалі далейшыя перспектывы.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Лічым, што візіт з нагоды гэтага юбілею з'яўляецца вельмі важным, сведчыць аб той увазе, якую Германія надае развіццю адносін з краінамі - суседзямі ЕС, якія не ўваходзяць у гэта аб'яднанне, але жадаюць мець нармальныя цесныя адносіны з Еўрапейскім саюзам. Нас аб'ядноўваюць агульныя тэмы, звязаныя з бяспекай і стабільнасцю нашага рэгіёна, забеспячэннем устойлівага эканамічнага развіцця і росквіту нашых краін".

Міхаэль Рот, Дзяржаўны міністр па еўрапейскіх справах МЗС Германіі: "Мая краіна мае вялікую зацікаўленасць у тым, каб адбылося збліжэнне паміж Еўрапейскім саюзам і Германіяй з аднаго боку і Беларуссю з другога боку. Мы хочам яго паскорыць. Калі я гляджу, што за апошнія гады было дасягнута, мяне гэта напаўняе аптымізмам. Мы падышлі да палітыкі, якая грунтуецца і арыентуецца на супрацоўніцтва".

Асаблівая ўвага была нададзена будаўніцтву ў Мінску мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". Уладзімір Макей падзякаваў германскаму боку за фінансавую падтрымку ў стварэнні гэтага мемарыяла. Дыпламаты таксама абмяняліся пратакольнымі пасланнямі ад імя МЗС дзвюх дзяржаў.