Францыя і ЗША павінны забяспечыць пераемнасць знешняй палітыкі ў адносінах да Беларусі

19 мая 2017

Францыя і ЗША павінны забяспечыць пераемнасць знешняй палітыкі ў адносінах да Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, што прайшлі ў гэтай краіне, лічыць кіраўнік МЗС Беларусі. Афіцыйны Мінск у сваю чаргу гатовы працягваць канструктыўны дыялог з Францыяй у прыватнасці і ЕС у цэлым, а таксама са Злучанымі Штатамі.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Мы дамовіліся ў свой час рухацца маленькімі, але пастаяннымі крокамі насустрач адзін аднаму, паляпшаючы пазітыўную атмасферу ў нашых адносінах. Як бачыце, гэта і адбываецца. Адбылося і прадаўжэнне прыпынення санкцый на 6 месяцаў. Нядаўна намеснік міністра замежных спраў Беларусі выступіў у Атлантычным савеце. Я лічу, што адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі развіваюцца паступальна, ёсць падставы меркаваць, што гэта атмасфера захаваецца і надалей".

Таксама Уладзімір Макей заявіў, што праца па лібералізацыі візавага рэжыму з ЕС працягваецца і рана або позна прынясе плён. Пракаменціраваў міністр і перавод Расіяй авіярэйсаў з Беларусі ў міжнародныя пункты пропуску. Афіцыйны Мінск не бачыць трагедыі ў гэтай працэдуры. Аднак сочыць за тым, каб беларусы мелі роўныя правы з расіянамі ў рамках дамоўленасцяў аб Саюзнай дзяржаве. Адзначым, сёння кіраўнік МЗС нашай краіны прыняў удзел у форуме "Мінскі дыялог: 25 гадоў знешняй палітыцы Беларусі". Падчас канферэнцыі дыпламаты, дэпутаты і незалежныя эксперты абмеркавалі сучасныя выклікі і ролю Беларусі ў рэгіянальнай і глабальнай палітыцы.