Фармат саміту ў Мінску: Еўразійская тройка - Украіна - ЕС

26 августа 2014

Прадстаўнікі СМІ яшчэ напярэдадні пачалі прыбываць у Мінск. Журналісты Агенцтва тэленавін на працягу ўсяго дня будуць першымі паведамляць аб выніках перагавораў.


Спецыяльны карэспандэнт Сяргей Гусачэнка гэтымі хвілінамі знаходзіцца ля Палаца Незалежнасці. У яго апошняя інфармацыя (прамое ўключэнне).


Мінск сёння ў цэнтры міжнароднай палітыкі. Беларуская сталіца стала пляцоўкай для перагавораў, дзе вырашаюцца лёсавызначальныя не толькі для Еўропы пытанні. Аб сустрэчы стала вядома 19 жніўня. Апошнія некалькі тыдняў кіраўнікі дзяржаў Мытнага саюза і Украіны праводзілі актыўныя кансультацыі. Як вынік - правядзенне саміту ў Мінску і яго фармат: Еўразійская тройка - Украіна - ЕС.


Удзел у перагаворах прымуць чатыры прэзідэнты - Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Нурсултан Назарбаеў і Пётр Парашэнка - і адразу тры камісары Еўрапейскага саюза, у тым ліку і камісар па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан.


Варта адзначыць, што напрыканцы ліпеня ў Мінску ўжо адбылося пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. І калі Беларусь толькі падавала пляцоўку для перагавораў, то сёння становіцца непасрэдным удзельнікам.


Аб чым будуць гаварыць палітыкі? На парадку дня - тры ключавыя пытанні: выкананне Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС, энергетычная бяспека і стабілізацыя сітуацыі на Данбасе. Менавіта ў такой паслядоўнасці яны адзначаныя ў праграме.


І ўсё ж ключавая тэма, на думку экспертаў, гэта спыненне ваенных дзеянняў на Усходзе Украіны. Так або інакш пацвярджалі гэта і пасылы палітыкаў. Напрыклад, Пётр Парашэнка адкрыта заявіў, што на сустрэчы ў Мінску мае намер дагаворвацца аб міры, таму што ўвесь свет стаміўся ад вайны. Не выключана, што не толькі ўкраінскае пытанне, але і праблема ўзаемных санкцый Еўрасаюза і Расіі можа стаць адной з тэм для абмеркавання.


Плануецца, што за стол перагавораў удзельнікі працэсу сядуць у 14:00.


Увага СМІ да сустрэчы, вядома, каласальная. Акрэдытавана больш як 300 журналістаў з дзясяткаў краін. Усе яны размяшчаюцца адразу ў некалькіх прэс-цэнтрах і чакаюць новай інфармацыі аб выніках перагавораў. Чакаем падрабязнасцяў і мы. Паводле праграмы саміту, наперадзе нас чакае двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Украіны. А пасля ўсе ўдзельнікі саміту сядуць за круглы стол перагавораў.