Прэзідэнт заклікаў вызначацца з новымі кірункамі супрацоўніцтва для Мінска і Лондана

11 августа 2019
Навіны апошніх месяцаў усё часцей прымушаюць задумацца пра глабальныя тэмы. Геапалітыка напраўду - жалезны інфармацыйны трэнд. Гэты свет заўсёды поўніцца падзеямі. Як ацалець і ўтрымацца, калі супрацьстаянне сусветных цэнтраў сілы толькі нарастае? Здаецца, усё гэта: гандлёвая вайна паміж ЗША і Кітаем, гонка ўзбраенняў, хуткі Брэксіт - так далёка ад нас. Але гэта зусім не так.

Вось, напрыклад, з дамовай або без яе, але Брытанія рыхтуецца пакінуць Еўрапейскі саюз. Пасля выхаду з ЕС Вялікабрытанія акажацца ў знешнепалітычнай рэальнасці, якая прымушае па-новаму зірнуць на міжнародных партнёраў, шукаць новы фармат адносін з краінамі Еўропы і па-за ранейшым кругам Еўрасаюза. 

І руплівыя брытанцы ўжо прыглядаюцца. Апошнія некалькі гадоў у Беларусі адчулі гэтае іх жаданне дыверсіфікаваць эканамічныя сувязі. Адчулі, што цікавасць Лондана да Мінска расце. У нашай краіне толькі за! За тое, каб актыўна развіваць супрацоўніцтва і кантакты. Менавіта такі пасыл прагучаў на тыдні ад афіцыйнага Мінска. 

Завяршаючы сваю дыпмісію ў краіне,  брытанскі пасол Фіёна Гіб заклікала ўлічваць важную геапалітычную ролю Беларусі ў кантынентальнай Еўропе. Ацанілі брытанцы і ролю нашай краіны ў наладжванні дыялогу ў рэгіёне. Пасля перыяду зацішша актывізаваліся палітычныя кантакты. Пачаліся візіты афіцыйных асоб - ад прадстаўнікоў каралеўскай сям'і да дзяржміністра па гандлёвай палітыцы, які быў у нас у чэрвені. З візітамі ў Брытаніі пабывалі кіраўнікі нашага МЗС і ўрада. 

Якраз зараз сфарміраваны новы ўрад на чале з прэм'ерам Джонсанам. Вядома, на першым плане - развод з ЕС, які зацягнуўся. Ды ўсё ж Прэзідэнт Беларусі заклікаў не губляць часу і вызначацца з новымі кірункамі супрацоўніцтва для Мінска і Лондана. Выхад Брытаніі з ЕС не дадасць сіл Еўрапейскаму саюзу, гэта факт. Але ёсць і іншы бок медаля: зараз можна дзейнічаць, як гаворыцца, без аглядкі на Брусель.

Яшчэ год таму дамовіліся прасоўваць эканамічнае супрацоўніцтва, паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй падпісаны адпаведны мемарандум. У аснове - прагматызм і ўзаемная выгада. Тым больш ужо ёсць добры падмурак у выглядзе самавітага тавараабароту. Беларуска-брытанскі гандаль паказвае нядрэнную дынаміку: наблізіўся да трох з паловай мільярдаў долараў. 

Апошнія некалькі гадоў Вялікабрытанія ў тройцы краін, куды мы больш за ўсё пастаўляем прадукцыі. Перспектыўныя праекты ў сферы АПК, альтэрнатыўнай энергетыкі, транспарту, ІТ. Павялічваецца і прыток інвестыцый з гэтай краіны. Нам гэта цікава.

Зрэшты, такога прынцыпу - супрацоўніцтва на аснове ўзаемнай выгады - Беларусь прытрымліваецца заўсёды і з усімі партнёрамі. У гэтым выпадку як з Вялікабрытаніяй, так і з Еўропай у цэлым. Пацверджанне таму - сустрэча на тыдні беларускага лідара з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Усяго за паўтара года іх партфель інвестпраектаў перавысіў 300 мільёнаў еўра. 

Крэдыты банка - гэта доўгія і недарагія грошы, выгадныя для эканомікі. Ключавыя для краіны і Еўропы праекты з удзелам банка - ад экалагічных да інфраструктурных - нацэленыя на ўстойлівае развіццё і высокую якасць жыцця ў Беларусі і Цэнтральнай Еўропе. Так, яны не прыносяць хуткай фінансавай аддачы, але працуюць на стабільнасць і бяспеку ў рэгіёне. А гэта заўсёды выгаднае ўкладанне.