Еўрапейскі саюз высока ацэньвае міратворчыя намаганні Беларусі ў рэгіёне

10 июля 2019

Гэта заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у нашай краіне Андрэа Віктарын. Афіцыйны Мінск прыкладвае максімум намаганняў для вырашэння ўкраінскага канфлікту. І ўсё гэта дзеля галоўнай мэты - наладжвання міру ў нашых суседзяў і спынення ваенных дзеянняў. Менавіта беларуская сталіца, дзе праходзяць сустрэчы кантактнай групы, - прыдатнае месца для мірных перамоў.

Андрэа Віктарын, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі: "Беларусь прыкладала істотныя намаганні для таго, каб выступаць пасрэднікам у такіх перамовах. Прапаноўвала пляцоўкі і ўсе ўмовы для правядзення дыялогу. І дагэтуль у Мінску працягваюцца перамовы, таму сапраўды Мінск можна лічыць месцам для працягу такой работы. Яшчэ раз падкрэслю, што мы на ўзроўні Еўрапейскага саюза цэнім тыя намаганні, якія ўрад рэспублікі прыкладаў да падтрымання і наладжвання міру ў рэгіёне".

Так выказалася Андрэа Віктарын, адказваючы на пытанне, што датычылася ініцыятывы Уладзіміра Зяленскага правесці ў беларускай сталіцы міжнародную сустрэчу. Нагадаем, у панядзелак лідар Украіны ў сваім акаўнце на "Фейсбуку" звярнуўся да прэзідэнта Расіі з прапановай арганізаваць у Мінску перамовы па ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе.

Пазіцыя беларускага боку стала вядомая ў той жа дзень. Як паведаміла прэс-служба нашага Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка прапановы Уладзіміра Зяленскага падтрымлівае. У Мінску заўсёды лічылі і лічаць за гонар быць пляцоўкай для мірных ініцыятыў і перамоў.