Ерэван прымае саміт АДКБ

14 октября 2016

На сустрэчу адправіцца і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, бо да нашай краіны на год пяройдзе статуc старшыні Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Наконт чаго будуць гаварыць прадстаўнікі шасці краін і якія ініцыятывы афіцыйнага Мінска? Усе падрабязнасці раскажа наш палітычны аглядальнік Аляксей Адашкін.

У свеце напружанае становішча, і ў Арменіі пра гэта ведаюць не па чутках. З трывогай тут сочаць і за сітуацыяй у Алепа, бо ў гэтым сірыйскім горадзе яшчэ зусім нядаўна пражывала каля 60 тысяч армян. На гэтым фоне ўзмацняецца запатрабаванасць АДКБ як аб'яднання, галоўная мэта якога - падтрыманне бяспекі ў рэгіёне.

Сітуацыя на мяжы АДКБ абвастраецца, таму арганізацыі патрэбная аптымізацыя, сілавое ўмацаванне і наладжванне механізмаў крызіснага рэагавання.

Сёння ў аб'яднанне ўваходзяць шэсць дзяржаў. Гэта Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Умацоўваць абаронны патэнцыял дапамагаюць вучэнні, якія сёлета прайшлі ў чатырох краінах альянсу. Манеўры "Непарушнае братэрства - 2016" прыняла Беларусь. У іх прынялі ўдзел паўтары тысячы вайскоўцаў і тры сотні адзінак тэхнікі. Адпрацоўвалася міратворчая аперацыя з вызваленнем заложнікаў, размініраваннем тэрыторыі і аховай важных аб'ектаў.

На парадку дня ерэванскага саміту АДКБ больш чым 20 пытанняў. У першай палове дня ўзаемадзеянне абмяркуюць міністры замежных спраў і кіраўнікі абаронных ведамстваў, пасля чаго гутарку прадоўжаць ужо лідары дзяржаў аб'яднання. Бадай, самым важным стане ўзгадненне стратэгіі калектыўнай бяспекі да 2025 года. Сёння ж у Ерэване наша краіна атрымае статус старшыні ў арганізацыі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прадставіць беларускія ініцыятывы. Адзін з галоўных прыярытэтаў Мінска - гэта наданне АДКБ рэальнай сілы для барацьбы з пагрозамі і выклікамі.

Чакаецца, што на саміце ў Ерэване будзе прыняты шэраг важных палітычных заяў. Асаблівую ўвагу нададуць барацьбе з міжнародным тэрарызмам. Плануецца абмеркаванне ўнікальнага праекта - стварэння адзінага спісу тэрарыстычных арганізацый. Акрамя таго, лідары разгледзяць канцэпцыю цэнтра крызіснага рэагавання АДКБ, які будзе знаходзіцца ў Расіі. Будуць таксама падпісаныя дакументы па далейшым развіцці ваеннага складальніка арганізацыі, па сістэме падрыхтоўкі кадраў, а таксама па механізмах рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Яшчэ адно важнае пытанне, якое трэба вырашыць на саміце ў Ерэване, - гэта персаналія генеральнага сакратара АДКБ. Гэтую пасаду, згодна са статусам арганізацыі, можна займаць тры гады. Сёння адказная пасада пяройдзе, паводле папярэдняй інфармацыі, да прадстаўніка Арменіі.