Адкрытая і прынцыповая гутарка самых блізкіх у свеце дзяржаў. Менавіта так ахарактарызаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сесію Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, што прайшла сёння ў Мінску. У гэту арганізацыю, апроч нашай краіны, уваходзяць Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. На саміт прыбылі кіраўнікі ўсіх дзяржаў - удзельнікаў арганізацыі. Кожнага з высокіх гасцей у холе Палаца Незалежнасці вітаў Аляксандр Лукашэнка. Пасля цырымоніі сумеснага фатаграфавання (гэта абавязковая частка пратакола) лідары накіраваліся на перамовы ў вузкім складзе. Размова за круглым сталом працягвалася каля дзвюх гадзін. Затым пачалося пасяджэнне ў пашыраным фармаце. На парадку дня мінскага саміту АДКБ было каля 20 пытанняў.
Лідары краін АДКБ абмеркавалі абстаноўку ў свеце і развіццё арганізацыі ў якасці магутнай структуры, якая гарантуе бяспеку ў рэгіёне. Па выніках перамоў падпісаны шэраг дакументаў. Сярод іх пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы інфармацыйнай бяспекі, сумесная заява аб сітуацыі ў Сірыі, а таксама рашэнне па процідзеянні незаконнай міграцыі. Акрамя таго, у Мінску гаварылі і пра стратэгію калектыўнай бяспекі на перыяд да 2025 года.













