Душанбэ прыняў саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД

28 сентября 2018

Пад знакам вялікай палітыкі праходзіць гэты дзень у Таджыкістане. Сталіца - Душанбэ - прыняла саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД. Перамовы ў вузкім складзе, дзе выступаў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, былі закрытымі для прэсы. Рэпарцёрам дазволілі толькі зняць кадры выступлення кіраўніка Таджыкістана. Паколькі краіна сёлета старшынствуе ў арганізацыі. Прэс-служба беларускага лідара апублікавала тэзісы выступлення Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт Беларусі заклікае да адзінства і сумесных дзеянняў унутры СНД на фоне разбурэння наяўнай сістэмы міжнароднага гандлю. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нязменным прыярытэтам членства Беларусі ў СНД застаецца ўмацаванне эканамічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым ён адзначыў, што сусветныя рыначныя адносіны ўсё больш губляюць прыкметы цывілізаванага ўзаемадзеяння паміж краінамі.

"Толькі разам мы зможам паспяхова супрацьстаяць гэтым новым выклікам. З аднаго боку, мы павінны аб'яднаць высілкі для сумеснай абароны інтарэсаў на глабальным рынку. З іншага - актывізаваць узаемны гандаль і інвестыцыі, пашыраць прамысловую кааперацыю. У цэлым адказаць кансалідацыяй і павышэннем ролі Садружнасці як рэгіянальнага гульца".

Кіраўнік беларускай дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў бакоў у СНД адсутнічае агульнае бачанне і генеральны план развіцця Садружнасці. Не атрымалася да канца сфармуляваць тэарэтычную мадэль і стварыць практычную стратэгію эканамічнай інтэграцыі нашых краін.

"У рамках адаптацыі Садружнасці да сучасных рэалій мы пачалі рэвізію Канцэпцыі далейшага развіцця СНД. Прапаноўваю даручыць урадам абнавіць у гэтым дакуменце эканамічны блок. Ён можа стаць ідэалагічнай асновай для больш поўнага выкарыстання навукова-вытворчага і інвестыцыйнага патэнцыялу ў рамках Садружнасці. Неабходна разумна звязаць гэта з распрацоўкай стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд пасля 2020 года".

Сярод прапаноў Прэзідэнта Беларусі - сінхранізаваць узаемадзеянне ў фармаце СНД з інтэграцыйнымі працэсамі ў Вялікай Еўразіі, асабліва ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што стабільным адносінам паміж дзяржавамі СНД будзе таксама спрыяць шырокі дыялог Садружнасці з Еўразійскім эканамічным саюзам. Па выніках саміта Аляксандр Лукашэнка запрасіў калег па Садружнасці наведаць ІІ Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у Мінску ў чэрвені наступнага года. А таксама даў інтэрв'ю расійскім журналістам, дзе падрабязна распавёў пра пытанні, якія абмяркоўваліся падчас пасяджэння. Цэнтральнай тэмай стала бяспека.

Таксама на палях саміта Прэзідэнт правёў шэраг двухбаковых сустрэч з замежнымі лідарамі. У прыватнасці, у аб'ектывы камер патрапіла сустрэча з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Бакі абмеркавалі стан гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, рэалізацыю ранейшых дамоўленасцяў і перспектыўныя кірункі для развіцця ўзаемадзеяння. Было адзначана, што, нягледзячы на зробленыя ў апошні час практычныя крокі да пашырэння двухбаковых адносін, гэты патэнцыял далёка не вычарпаны.