Дзмітрый Мезенцаў: Патэнцыял дагавора аб Саюзнай дзяржаве вельмі вялікі

6 июня 2019

Першы брыфінг  для беларускіх журналістаў правёў сёння Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі  Дзмітрый Мезенцаў. Напярэдадні ён уручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею. Дзмітрый Мезенцаў ужо пачаў выконваць свае абавязкі. У працы ён мае намер кіравацца прынцыпамі адкрытасці, шчырасці і ўвагі да людзей.

Дзмітрый Мезенцаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі: "Галоўная ўстаноўка, якую даюць любому паслу кіраўнік дзяржавы і міністр замежных спраў, - каб глыбіня адносін паміж краінамі была яшчэ больш дзейснай, а таксама каб гэта адчувалі людзі. Мы хочам, каб дзверы расійскага пасольства былі шырока расчынены для нашых беларускіх сяброў і калег".

Дыпламат таксама падзякаваў уладам Мінска за дапамогу, аказаную імі ў арганізацыі маштабнага свята - Дня Расіі. Урачыстасці ў найбліжэйшую суботу (8 чэрвеня) пройдуць у Верхнім горадзе і ля Палаца спорту.

Дзмітрый Мезенцаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі: "Удзел самых яркіх расійскіх выканаўцаў: хору Міхаіла Турэцкага і квінтэта Ігара Бутмана,  удзел народнай артысткі Расіі Ларысы Далінай, ансамбля "Лезгінка" з Дагестана, каб гэтае свята сапраўды было святам, калі можна паглядзець адно аднаму ў вочы, паціснуць рукі і яшчэ раз адчуць, што мы разам". 

Як падкрэсліў Дзмітрый Мезенцаў, патэнцыял дагавора аб Саюзнай дзяржаве вельмі вялікі. І Беларусь, і Расія могуць зрабіць яшчэ вельмі многае на карысць сваіх народаў  на падмурку і з улікам нацыянальных інтарэсаў.