Для праходжання беларуска-расійскай мяжы грамадзянам Беларусі спатрэбяцца толькі пашпарты

8 февраля 2018

Паводле занесеных Расіяй змен у правілы пагранічнага рэжыму ніякіх пропускаў або прад'яўлення якіх-небудзь іншых дакументаў для ўезду і знаходжання ў пагранзоне не спатрэбіцца. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "Известия" заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей. Ён адзначыў, што сцвярджэнні аб неабходнасці ўзмацнення кантролю на мяжы ў сувязі з увядзеннем нашай краінай пяцідзённага бязвізавага ўезду для грамадзян 80 краін беспадстаўныя. Беларусь беражэ мяжу і працуе па адзіным з расіянамі спісе забароненых.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі:

"Можаце не сумнявацца, што да гарантавання бяспекі мы, як і Расія, ставімся з асаблівай увагай. Упэўнены, што наяўны сёння пагранічны кантроль на знешняй мяжы дзяржаў - удзельнікаў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы з'яўляецца аптымальным і дастатковым. Дыялог на гэтую тэму трэба і далей развіваць на ўзаемным даверы".

Уладзімір Макей таксама паведаміў, што зараз Беларусь вядзе актыўны дыялог з расійскімі калегамі наконт праекта пагаднення аб узаемным прызнанні віз і іншых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян на тэрыторыі краін - удзельнікаў Саюзнай дзяржавы. Тэкст пагаднення прадугледжвае ўрэгуляванне пытанняў перасячэння беларуска-расійскай мяжы грамадзянамі трэціх краін. Чакаецца, што дакумент будзе падпісаны неўзабаве.