Дзясяткі пытанняў Саюзнай дзяржавы абмеркавалі сёння на 53-й сесіі Парламенцкага сходу

16 декабря 2017

Бюджэт Саюзнай дзяржавы, пагадненне аб узаемным прызнанні віз, роўныя правы для грамадзян Беларусі і Расіі. Дзясяткі пытанняў Саюзнай дзяржавы абмеркавалі сёння на 53-й сесіі Парламенцкага сходу ў Бранску. На якія саюзныя праграмы пойдуць бюджэтныя сродкі? Як зблізіць заканадаўствы дзвюх краін? І чаму беларускі "МотаВела" і расійскі "ВелаМотарс" вырашылі аб'яднацца. Падрабязнасці ў рэпартажы Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

53-ю сесію Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі вырашылі правесці ў Бранску невыпадкова. Па-першае, Бранская вобласць - гэта рэгіён, які мяжуе з Беларуссю. Да Гомеля ўсяго некалькі гадзін на машыне. Па-другое, тут рэалізуецца вельмі шмат сумесных беларуска-расійскіх праектаў. У асноўным гэта вытворчасці сельскагаспадарчай і дарожнай тэхнікі. У планах яшчэ адзін праект - велавытворчасць.

Завод у Жукаўцы, у Бранскай вобласці, самае буйное і адзінае прадпрыемства ў Расіі па вытворчасці веласіпедаў. Пачыналі ў 2008 з голых сценаў і поўнай разрухі. А сёння з канвеера сыходзіць 1 мільён 700 веласіпедаў за год. У адным месцы праходзіць поўны цыкл зборкі - ад распрацоўкі новых мадэляў да выпуску іх у продаж.

Але зараз кожны другі веласіпед і ў Расіі, і ў Беларусі - замежнай вытворчасці. І каб абараніць свой рынак, два заводы - беларускі "МотаВела" і расійскі "ВелаМотарс" - вырашылі аб'яднацца.

Новы завод плануюць пабудаваць у Беларусі.

Сёння ў Бранску на 53-й сесіі Парламенцкага сходу падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства.

Сёння парламентарыі абмеркавалі яшчэ адну важную тэму - фінансы. На сесіі быў узгоднены саюзны бюджэт на 2018 год. А гэта амаль 7 мільярдаў расійскіх рублёў. Частка сродкаў пойдзе на рэалізацыю новых саюзных праграм.

Паднімалі пытанні эканомікі. Сёння вытворцы і бізнесмены дзвюх краін просяць роўныя ўмовы для працы. А для гэтага неабходна ліквідаваць бюракратыю і ўдасканаліць заканадаўства Саюзнай дзяржавы.

Парламентарыі абмеркавалі ўзаемнае прызнанне віз. Дакумент павінен быць падпісаны да канца гэтага года. Таксама сёння было прынята рашэнне сфарміраваць пры Парламенцкім сходзе моладзевую палату. Туды ўвойдуць прадстаўнікі моладзевых парламентаў, моладзевых аддзяленняў палітычных партый і моладзевыя рухі дзвюх краін.