Дзясятая міжнародная канферэнцыя "Будучыня "Усходняга партнёрства" прайшла ў Мінску

7 сентября 2017

Высока цэняць міратворчыя ініцыятывы Беларусі, у тым ліку арганізацыю перамоў па мірным урэгуляванні ў Данбасе. Аб гэтым гаварыў сёння праграмны дырэктар па Беларусі Фонду імя Конрада Адэнаўэра Вольфганг Зендэр, які прымаў удзел у 10-й міжнароднай канферэнцыі “Будучыня "Усходняга партнёрства" ў Мінску.

Вольфганг Зендэр, праграмны дырэктар па Беларусі Фонду імя Конрада Адэнаўэра (Германія): "Беларусь, я лічу, з'яўляецца сапраўдным гарантам бяспекі ў рэгіёне. Гэта мірная краіна з мірнай гісторыяй і, спадзяюся, з мірнай будучыняй. Апошні час Беларусь усё часцей удзельнічае ў праектах, накіраваных на тое, каб гарантаваць рэгіянальную бяспеку. У Мінску праходзяць перамовы па мірным урэгуляванні на ўсходзе Украіны. Беларусь умацоўвае супрацоўніцтва з Грузіяй, Арменіяй і іншымі краінамі. Гэта незалежная краіна, што, безумоўна, вельмі важна для захавання міру ў Еўропе".

Адна з галоўных задач удзельнікаў сустрэчы - выпрацаваць рэкамендацыі для маючага адбыцца саміту "Усходняга партнёрства". Ён пройдзе ў лістападзе ў Бруселі. Праект ЕС накіраваны на збліжэнне з Еўрасаюзам шасці постсавецкіх дзяржаў: Беларусі, Арменіі і Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны. Праграма "Усходняе партнёрства" была заснаваная на спецсаміце ў маі 2008 года. Абмеркавалі ўдзельнікі канферэнцыі і эканамічныя пытанні.

Мерыке Какаеў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эстоніі ў Беларусі: "У нас эканамічныя адносіны з Беларуссю развіваюцца, можна сказаць, нават бурна. Інтарэс вельмі вялікі. І сярод эстонскіх бізнесменаў, і сярод беларускіх. У нас на працягу паўгода было дзве вялікія бізнес-дэлегацыі, адбыліся бізнес-форумы. Беларусь толькі адкрываецца для нас. Беларусь - важны партнёр для Эстоніі".

У найбліжэйшы час у Таліне пройдзе бізнес-форум. На ім будуць прысутнічаць і больш за 30 прадстаўнікоў Беларусі, у тым ліку ад прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу.