Дэлегаты Пятага Усебеларускага сходу ўсклалі кветкі да манумента Перамогі

22 июня 2016

Сімвалічна, што краіна закладае фундамент новай беларускай эканомікі менавіта сёння - 22 чэрвеня. У гэты дзень 75 гадоў таму наш народ быў з'яднаны, як ніколі. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Памятныя мерапрыемствы праходзяць па ўсёй краіне. З урачыстага моманту на плошчы Перамогі сённяшні дзень пачынаюць і ўдзельнікі Пятага Усебеларускага сходу. Гэтымі хвілінамі дэлегаты ўскладаюць кветкі і вянкі да манумента.

Ля сімвала вечнай памяці і адвагі воінаў зараз знаходзіцца і наша здымачная група з Інай Пілевіч. Гэтымі хвілінамі на плошчы Перамогі шматлюдна. Людзі накіроўваюцца сюды з кветкамі, каб ушанаваць памяць ахвяр чэрвеня 1941 года. 75 гадоў таму роўна ў 4 гадзіны раніцы фашысцкая Германія без аб'явы вайны напала на Савецкі Саюз. Беларусь стала арэнай самых буйных бітваў. Першымі ўдар прынялі нашы пагранічнікі.

Менавіта дзякуючы іх мужнасці і адвазе, варожаму плану маланкавага захопу не наканавана было ажыццявіцца. Толькі ўслухайцеся ў гэтыя лічбы: за першыя 48 гадзін вайны з 19 000 вайскоўцаў Беларускай памежнай акругі загінулі і прапалі без вестак больш за палову. І сімвалічна, што сёння на світанні на плошчы Перамогі ў Мінску афіцэры і курсанты пагранвойск усклалі вянкі да абеліска і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых герояў. Зараз я папрашу рэжысёраў паказаць некалькі кадраў і інтэрв'ю, якія нам удалося зрабіць тут у дзень смутку.

Больш як паўстагоддзя абеліск вышынёй 38 метраў нагадвае нам пра подзвіг нашых дзядоў і прадзядоў. Ён быў усталяваны да 10-ай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З яго з'яўленнем раней Круглую плошчу пераназвалі ў плошчу Перамогі. Чатыры бронзавыя вянкі вакол манумента сімвалізуюць чатыры фронты, байцы якіх удзельнічалі ў вызваленні нашай рэспублікі ў 1944 годзе. А больш як паўстагоддзя таму ля падножжа помніка мужнасці і самаахвярнасці ўсіх воінаў быў запалены Вечны агонь.

І менавіта сюды гэтымі хвілінамі прыбываюць і аўтобусы з удзельнікамі Пятага Усебеларускага народнага сходу. Людзі розных прафесій і ўзростаў, прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, прамысловых гігантаў і ВНУ - усе яны сёння тут, каб падзяліць смутак нацыі.

З плошчы Перамогі ўдзельнікі адправяцца ў Палац Рэспублікі, дзе і адбудзецца найважнейшая палітычная падзея, якая вызначыць жыццё краіны на найбліжэйшыя гады.