Дэлегацыя Савета Федэрацыі Расіі наведвае Мінск

5 марта 2020
Супрацоўніцтва парламентарыяў - падмурак для пашырэння дыялога афіцыйных Мінска і Масквы. Аб умацаванні двухбаковага партнёрства ішла размова сёння ў Савеце Рэспублікі. Дэлегацыя Савета Федэрацыі Расіі на чале са спікерам Валянцінай Мацвіенкай у гэтыя дні знаходзіцца з візітам у беларускай сталіцы. Старшыня верхняй палаты парламента нашай краіны Наталля Качанава на сустрэчы запэўніла калег, што дэпутаты і сенатары адкрытыя да супрацоўніцтва з расійскімі калегамі ва ўсіх кірунках. Госць таксама пацвердзіла: расійскія парламентарыі выступаюць за паглыбленне раўнапраўнага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў. Паводле слоў Мацвіенкі, бакам важна ўлічваць інтарэсы адзін аднаго, адказнасць цяперашняга пакалення палітыкаў - захаваць і зберагчы ўсё каштоўнае, што злучае братэрскія народы. 

Адной з асноўных тэм абмеркавання стала святкаванне 75-годдзя Вялікай Перамогі. Яна стане ключавой і на VII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Першае пасяджэнне па падрыхтоўцы да яго правядзення прайшло сёння ў Савеце Рэспублікі. Заўтра праца парламентарыяў дзвюх краін працягнецца, чакаецца, што госці наведаюць мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць - герой", дзе сустрэнуцца з ветэранамі.