Лік замежных СМІ, якія ўжо падалі заяўкі на акрэдытацыю для асвятлення парламенцкіх выбараў, назвалі сёння ў Міністэрстве замежных спраў. Таксама гаворка ішла аб тым, якая колькасць заявак ужо здаволеная.
Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Па стане на сёння намі атрымана 59 заявак на акрэдытацыю на перыяд выбарчай кампаніі. Сярод іх прадстаўнікі такіх буйных СМІ, як расійскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС, кітайская тэлерадыёкампанія CCTV, катарская "Аль-Джазіра", шэраг буйных еўрапейскіх СМІ (напрыклад, нямецкае Duetschlandradio). Апроч гэтага, на пастаяннай аснове ў Беларусі акрэдытавана больш як 270 прадстаўнікоў замежных СМІ. Мы зыходзім з таго, што яны таксама выявяць цікавасць да парламенцкіх выбараў".
Заяўкі на акрэдытацыю журналістаў замежных СМІ для асвятлення парламенцкіх выбараў у МЗС скончаць прымаць 4 верасня. Таму супрацоўнікі міністэрства не выключаюць, а нават мяркуюць, што да гэтага часу колькасць журналістаў, якія падалі дакументы, яшчэ можа ўзрасці.













