Колькасць выпадкаў парушэння рэжыму цішыні на ўсходзе Украіны знізілася дзякуючы "школьнаму перамір'ю"

20 сентября 2017

У Мінску завяршылася чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па сітуацыі ва Украіне. Колькасць выпадкаў парушэння рэжыму цішыні на ўсходзе краіны знізілася дзякуючы заключанаму раней у Мінску “школьнаму перамір'ю”. Пра гэта заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік. Тым не менш, паводле слоў дыпламата, у зоне канфлікту па-ранейшаму гіне шмат людзей і гэта, "абсалютна непрымальна".

Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе: "Узровень парушэнняў рэжыму спынення агню ў сярэднім застаецца ніжэйшым, чым да пачатку перамір'я 25 жніўня. У гэтым годзе колькасць цывільных ахвяр у зоне канфлікту склала 383 чалавекі - 68 забітымі і 315 параненымі".

Таксама аўстрыйскі дыпламат прывітаў ініцыятыву аб уводзе на ўсход Украіны міратворчай місіі пад эгідай ААН. Раней аб магчымасці ўводу ў Данбас блакітных касак заяўлялі і ў Кіеве, і ў Маскве. Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ў Мінску запланавана на пачатак кастрычніка.