Будучыню Еўразійскага эканамічнага саюза сёння абмяркуюць у Мінску

24 октября 2013

У Палацы Незалежнасці пройдзе пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета. Гэта галоўны кіруючы орган Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Сярод шматбаковых інтэграцыйных праектаў гэта самыя перадавыя аб'яднанні. Зараз яны ўключаюць Беларусь, Расію і Казахстан, але пытанне наконт пашырэння заўсёды актуальнае.

Пра парадак дня саміту - Сяргей Хамянтоўскі.


Мінскія саміты вянчаюць вялікі палітычны год. Адкрывае серыю сёння пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.


Саміт ЕўрАзЭС упершыню пройдзе ў Палацы Незалежнасці. Спачатку прэзідэнты сустрэнуцца ўтрох. Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін і Нурсултан Назарбаеў абмяркуюць, якім будзе Еўразійскі эканамічны саюз і як ідзе работа над адпаведным дагаворам. Гэта фундаментальны дакумент, дзе будуць прапісаныя ўсе прынцыпы працы будучага інтэграцыйнага аб'яднання. У дагаворы беларускі бок хоча замацаваць такія кірункі, як адзіная прамысловая і транспартная палітыка, роўны доступ да паслуг манаполій, агульная платформа для перамоў з трэцімі краінамі.

Па ўсіх пунктах дагавора Лукашэнку, Пуціну і Назарбаеву яшчэ трэба дамовіцца з улікам асаблівасцяў эканомік кожнай дзяржавы. Не знятае з парадку дня пытанне наконт пашырэння інтэграцыйнага аб'яднання. Пасля перамоў у вузкім складзе да трох прэзідэнтаў далучацца калегі з Кыргызстана, Украіны, Арменіі і Таджыкістана.


Па Еўразійскім саюзе прынцыпова дамовіліся яшчэ ў снежні 2010-га. Хутчэй за ўсё, тройка прэзідэнтаў сёння яшчэ раз удакладніць дату запуску стратэгічнага праекта постсавецкай інтэграцыі.


Запрацуе Еўразійскі эканамічны саюз у 2015 годзе. Да гэтага часу трэба падрыхтаваць адпаведны дагавор - вынік шматлікіх і шматбаковых узгадненняў. І толькі тады дагавор аб Еўразійскім саюзе падпішуць прэзідэнты. Чакаецца, што гэта адбудзецца ў сярэдзіне 2014 года.