Вялікая ўрадавая дэлегацыя Ізраіля знаходзіцца ў Мінску

13 марта 2017

Яе ўзначальвае міністр аліі і абсорбцыі краіны Софа Ландвер. У праграме трохдзённага візіту - удзел у пасяджэнні сумеснага беларуска-ізраільскага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "У склад дэлегацыі таксама ўвойдуць прадстаўнікі МЗС, іншых міністэрстваў і ведамстваў, дзелавых колаў Дзяржавы Ізраіль. Адбудзецца сустрэча міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з Софай Ландвер для абмеркавання ўсяго комплексу актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку звязаных з адзначэннем сёлета 25-й гадавіны ўсталявання дыпламатычных адносін паміж краінамі".

Паводле слоў Дзмітрыя Мірончыка, візіт закліканы пацвердзіць высокі ўзровень двухбаковых адносін. У МЗС Беларусі разлічваюць, што па выніках перамоў і сустрэч у Мінску бакі выйдуць на новыя дамоўленасці ў розных галінах.