Беларусы сфарміравалі паўнаважкі, паўнамоцны і прадстаўнічы парламент

12 сентября 2016

Адразу ж пасля прэс-канферэнцыі кіраўніка Цэнтрвыбаркама ў інфацэнтры вынікі сваёй працы падвялі і назіральнікі. Падчас выбараў іх у нашай краіне працавала больш як 800 міжнародных і звыш 32 тысяч унутраных.

Іх меркаванні і ацэнкі, а таксама ўражанні і пажаданні выбаршчыкаў, ну і, вядома, планы абраных дэпутатаў. За словамі і лозунгамі на агітплакатах зараз павінна рушыць услед пэўная праца. Гэта - бюджэт, развіццё сацыяльнай сферы, наукі, медыцыны… Канчатковыя вынікі выбараў у Беларусі падвядуць у канцы тыдня. Зараз - час сур'ёзнага аналізу ўсёй перадвыбарнай кампаніі. Вышэйшы заканадаўчы орган рыхтуецца да працы.

Расказвае Андрэй Крывашэеў.

Выбар зроблены. Беларусы сфарміравалі паўнаважкі, паўнамоцны і прадстаўнічы парламент. 110 ужо не кандыдатаў, а дэпутатаў - заканадаўцаў шостага складу Палаты прадстаўнікоў. Гэтай сотні весці беларускае грамадства і дзяржаву праз сусветны шторм эканомікі і палітычнае супрацьстаянне ў Еўропе. Ім забяспечваць развіццё ў стратэгічных праектах - мадэрнізацыя, атамнае будаўніцтва, індустрыяльны парк, новая геаграфія экспарту і новыя парламенцкія сувязі як аснова для ўсяго гэтага. Гэтаму складу выпаў абавязак захаваць сацыяльную скіраванасць дзяржавы ў адукацыі, навуцы, медыцыне, спорце і абароне самых прыступных. Ці гатовыя да гэтага выбраннікі? У першы дзень пасля выбараў яны ўпэўнена заяўляюць, што гатовыя.

Дэпутат - не званне, а новы крок у прызванні. Урач Анатоль Дашко - абсалютны лідар у сваёй брэсцкай акрузе. 63 % і гэта пры 5 канкурэнтах. Спрацавала рэпутацыя і прафесіяналізм. Як медык першым у рэгіёне асвоіў аперацыі метадам лапараскапіі. Пры ім адкрыўся перынатальны цэнтр, а абласны радзільны дом устанавіў рэкорды па прынятых родах. У дзень бывае да 30. У маладога парламентарыя мэта - адкрыць у Брэсце гарадскі радзільны дом і павысіць якасць медпаслуг.

На ранішняй прэс-канферэнцыі па выніках выбарчага марафону і амаль бяссоннай ночы кіраўнік Цэнтрвыбаркама робіць акцэнт на актыўнасці выбаршчыка, мінімальнай колькасці прэтэнзій і якасці новага парламента. Без малога тры чвэрці тых, хто прагаласаваў, - гэты давер сістэме і перамога грамадзянскай пазіцыі над руцінай дачнага, адпускнога і грыбнога сезонаў. Па якасці ў парламенце - узрасла роля жанчын, захавана пераемнасць, будзе шырокая палітра пазіцый і яркія фігуры, спікеры. Што важна і для нас, журналістаў, і для грамадзян. У грамадстве попыт на публічнасць, харызматычнасць і адкрытасць улады … заканадаўчай.

Дарэчы, з раніцы да глыбокай ночы разам з кіраўніком ЦВК адпрацавала наша мабільная студыя ў Палацы Рэспублікі. Але эксклюзівы і інфармацыя з першых рук таго вартая.

Палітычна выбары - поспех партыйных "машын". Так, дзяржава і закон былі на баку партый. Вылучаліся, дзе хацелі, подпісы ў дачны сезон не збіралі, выступалі з адзінай партыйнай праграмай. Але і грамадства пасля 2 дзесяцігоддзяў, нарэшце, убачыла ў партыях карысць. Камуністы - 8 месцаў. Відавочны левы нахіл і стоп-кран для ліберал-рэфарматараў. Патрыёты - 3 крыжы. Попыт на дзяржаўнікаў.

Лібералы, Партыя працы - па адным, але важным парламенцкім голасе. Важная альтэрнатыва. Адно крэсла для АГП - як прамы наказ выйсці з маргінальнай радыкальнай позы і заняць канструктыўную пазіцыю. Абнавіць і лозунгі, і партыю. Сур'ёзны прарыў у "Грамадзянскіх ініцыятыў". "Белая Русь", як слуп грамадства, захавала большасць і ў новым складзе. А вось попыт на новае дыханне ў культуры, гісторыі і каштоўнасцях - голас Таварыства беларускай мовы і аўтарытэтны гісторык у парламенце.

Назіральнікі - вельмі добразычлівыя ацэнкі. Усімі, ці то з Захаду або з Усходу, адзначана высокая канкурэнтнасць выбараў - да 7 чалавек на месца і ні адной безальтэрнатыўнай акругі.

Высокая актыўнасць выбаршчыкаў - нават у традыцыйна складанай сталіцы. Добрая арганізацыя і канструктыўная атмасфера.

Прагрэс і жаданне прадоўжыць сумесную з беларускай уладай работу па ўдасканаленні дэмакратычных працэдур адзначылі і назіральнікі заходнія. АБСЕ і Савета Еўропы. Місіі хоць і панаракалі, што беларусы заканадаўства перад выбарамі не перапісалі кардынальна, і падакаралі ці то прэсе, ці то самім кандыдатам, што тэлевыступленні не анансіраваліся, але ў цэлым былі нават больш канструктыўныя, чым чакалі палітолагі.

Беларусі яшчэ трэба зрабіць шмат, каб прыйсці да выканання стандартаў АБСЕ. У некаторых момантах быў прагрэс, у некаторых - усё паўтарылася. Супрацоўніцтва з уладамі было канструктыўным, неабходна працягваць шырэйшы працэс дэмакратызацыі ў Беларусі. Мы гатовыя аказаць усю неабходную падтрымку.

Ніякай дапамогі Беларусь не адпрэчвае, але крытэрый адзін - раз размова аб правах беларускіх грамадзян, то і выбарчае права застанецца нацыянальным і па сутнасці, і па літары, і па духу.

Ужо сёння сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі з каардынатарам кароткатэрміновай місіі і кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЕ. Па выніках дасягнута прынцыповая дамоўленасць працягваць супрацоўніцтва па выбарчай тэматыцы. Беларусь ад працы не адмаўляецца, насупраць, шмат у чым яе ініцыюе.

Дарэчы, гэта кансалідаваная пазіцыя і нашых еўразійскіх саюзнікаў, і большасці ў Садружнасці Незалежных, і найбуйнейшай у свеце інтэграцыі - Шанхайскай. Тым больш аглядаючыся на праблемы з выбарамі ў Штатах, Аўстрыі і ў цэлым у Старым Свеце - манаполіі на чысціню працэдур у Захаду няма, а памылак звышдастаткова. Будзем вучыцца на чужых, у тым ліку, каб не паўтарыць у сваім доме.

Калі адкінуць "фрыкавасць" паводзін шэрагу кандыдатаў і літаральна некалькі выпадкаў чорнага піяру і правакацый на ўчастках, то выбары прайшлі годна і з высокім узроўнем палітычнай культуры. Так, ёсць тыя, хто прайграў, і сярод іх годныя, але гэта ж спаборніцтва, марафон - здужаць які да фінішу дадзена не ўсім. Часам нават на шчасце.

Выбары - ужо гісторыя. Але гісторыя пабудовы моцнай дэмакратычнай дзяржавы. Гісторыя нацыянальная. Са сваёй гісторыяй, прававой і палітычнай культурай і традыцыяй. Гісторыя, якая аб'ядноўвае ўсе канструктыўныя сілы і ініцыятывы ў грамадстве, у тым ліку - у парламенце. У 6-ым складзе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.