У Палату прадстаўнікоў увайшлі прафесіяналы ў сваіх сферах

12 сентября 2016

Такім чынам... Беларусы прагаласавалі за сталы і вопытны парламент. У Палату прадстаўнікоў увайшлі прафесіяналы ў сваіх сферах. Цэнтрвыбаркам апублікаваў іх прозвішчы. У найбліжэйшыя чатыры гады гэтыя людзі прысвецяць сябе законатворчай дзейнасці. Наш аглядальнік Наталля Брэус вывучыла склад Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання.

Падчас палітычнай гонкі ўсе спрабавалі намаляваць нейкі асераднёны партрэт кандыдата. Гэта такі "зборны" вобраз прэтэндэнта на месца ў парламент. Пасля выбараў у кожнай выбарчай акрузе з'явілася свая пэўная асоба ў заканадаўчым органе. Свой прадстаўнік. Каманда ніжняй палаты парламента сфарміраваная.

У беларускага парламента па-ранейшаму мужчынскі твар. Але тэндэнцыя! - давер выбаршчыкаў да жанчын расце. У Авальнай зале будзе працаваць 38 прадстаўніц прыгожага полу. У гэтым скліканні іх будзе на 9 больш, чым у папярэднім - гэта прыкладна траціна ўсіх парламентарыяў ніжняй палаты.

Захоўваецца і пераемнасць у парламенце. Крэдыт даверу паўторна ад выбаршчыкаў атрымалі 28 чалавек. Больш за ўсё перавыбраных у Гомельскай вобласці, менш усяго - у Магілёўскай.

Што ж датычыцца партыйнай прыналежнасці. Большасць дэпутатаў - па-за палітычнымі арганізацыямі. Але ў выніку выбараў у парламент прайшлі партыі. У тым ліку і тыя, хто раней там не быў прадстаўлены. Гэта Ліберальна-дэмакратычная, Беларуская патрыятычная, Аб'яднаная грамадзянская, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. І больш за ўсё дэпутацкіх мандатаў у прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі.

У парламент увайшлі прафесіяналы з самых розных сфер. Гэта і прамысловасць, і сацыяльны сектар, і сельская гаспадарка. Вайскоўцы, урачы, педагогі… Вялікая доля сярод абраных дэпутатаў прыпадае на вопытных кіраўнікоў і тых, хто доўгі час працаваў на вытворчасці. Ёсць сярод новых дэпутатаў вядомыя людзі з культуры і спорту. Гэта спявачка Ірына Дарафеева і вясляр Аляксандр Багдановіч. Што цікава, усе народныя выбраннікі з вышэйшай адукацыяй, а сярэдні іх узрост набліжаецца да 50-ці гадоў. Гэта значыць, свае галасы беларусы аддавалі за сталых і вопытных людзей.

Выбары прайшлі, але электаральная гонка - гэты толькі пачатак шляху для абраных дэпутатаў. У найбліжэйшыя чатыры гады ім трэба будзе прыкласці максімум намаганняў у рабоце над законамі. Восеньская сесія не за гарамі. Менш чым праз месяц пачне сваю працу Палата прадстаўнікоў 6-га склікання.