Беларусы рыхтуюцца да важнай грамадска-палітычнай падзеі - 5-га Усебеларускага народнага сходу

9 июня 2016

Народнае веча дасць старт новай пяцігодцы ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Са сваімі прадстаўнікамі вызначыліся ўсе рэгіёны Беларусі. Сёння ў Мінску і Гомелі прайшлі сустрэчы дэлегатаў. Удзельнікі падвялі вынікі працы сваіх абласцей за апошнія пяць гадоў, дакладна акрэслілі тэмы, якія хочуць вынесці на ўсеагульнае абмеркаванне. Вольга Маслоўская прадоўжыць тэму.

2500 дэлегатаў, па 350 чалавек ад кожнай вобласці і 400 ад Мінска. У народным вечы, якое пройдзе ў сталіцы 22-23 чэрвеня, прымуць удзел прадстаўнікі самых розных прафесій і сацыяльных груп.

Напрыклад, у спісе дэлегатаў ад паўночнага рэгіёна 35 чалавек прадстаўляюць моладзь. 302 удзельнікі ўсенароднага форуму маюць вышэйшую адукацыю. Гэта людзі розных прафесій: вайскоўцы, урачы, студэнты. Але большасць дэлегатаў занятыя ў рэальным сектары эканомікі.

Артура Курыльскага - аператара тэхналагічнай устаноўкі па перапрацоўцы мазуту - на 5-ы Усебеларускі народны сход дэлегаваў 10-тысячны калектыў "Нафтана".

Выпускнік профільнага тэхнікума прыйшоў на завод у сярэдзіне 80-х. Тады ўстаноўкі, на якой працуе сёння, яшчэ не было. Як і шматлікіх іншых складаных канструкцый - інавацыйных у нафтаперапрацоўцы. Мадэрнізацыі састарэлых энергаёмістых тэхналогій на прадпрыемстве надалі шмат увагі за апошнія пяць гадоў. Гэта дазволіла вырашыць пытанні энергетычнай бяспекі і прыцягнуць інвестыцыі ў вытворчасць - звыш мільярда долараў.

Уладзімір Траццякоў, генеральны дырэктар ААТ "Нафтан", дэлегат V Усебеларускага народнага сходу: "Новыя тэхналогіі істотна скарачаюць выдаткі электраэнергіі, цяпла і дазваляюць нам атрымліваць прадукцыю з ніжэйшым коштам, атрымліваць якасць, якую можна прадаць на знешніх рынках".

Узмацніць у найбліжэйшыя пяць гадоў прамысловую вытворчасць мае намер Мінская вобласць. Сярод пунктаў росту - машынабудаванне, АПК, біяхімія, электроніка. Вялікія надзеі звязаныя з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам "Вялікі камень". Пра гэта сёння падчас сустрэчы гаварылі дэлегаты Усебеларускага сходу ад сталічнага рэгіёна. Прыцягненне інвестыцый і развіццё бізнес-ініцыятывы таксама сярод прыярытэтных кірункаў.

Сяргей Навіцкі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "На сёння прадпрымальніцтва фарміруе траціну бюджэту Мінскай вобласці. Унёсак вырас да 80 трыльёнаў рублёў. Гэта паступленні ў бюджэт. Трэба прадпрымальнікаў перабудаваць са сферы гандлю ў сферу вытворчасці і ўбудоўваць іх у ланцугі нашых буйных гігантаў".

Сацыяльныя праграмы і абароненасць. Гэта тое, што сёння хочуць абмяркоўваць дэлегаты-жанчыны. Старшыня Гомельскага абласнога Саюза жанчын Галіна Пашэд прыме ўдзел у народным вечы ўжо трэці раз. Пераканана, што без цудоўнай паловы чалавецтва сёння не вырашаецца ні адно важнае пытанне ў краіне. Як прыклад: больш за траціну дэлегатаў ад Гомельскай вобласці - жанчыны.

Меркаваннямі аб будучыні краіны дэлегаты абмяняюцца ў сталіцы. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, якая будзе прынята па выніках 5-га Усебеларускага народнага сходу, вызначыць стратэгію развіцця дзяржавы на найбліжэйшыя пяць гадоў.