Беларуска-кітайскія дамоўленасці на вышэйшым узроўні будуць рэалізаваныя ў тэрмін

6 ноября 2015

Пра гэта заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з намміністра камерцыі Кітая Чжунам Шанем. На перамовах гаворка ішла пра пашырэнне і паглыбленне ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж дзяржавамі ва ўсіх кірунках. У цэнтры ўвагі - пытанні будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Яго рэзідэнтамі з'яўляюцца восем кампаній, у тым ліку і адна беларуская. На чарзе яшчэ паўтара дзясятка. Самы вялікі аб'ём інвестыцый зараз плануе ўкласці China Merchants Group - паўмільярда долараў. Вялікая ўвага была нададзена рэалізацыі канцэпцыі "Адзін пояс - адзін шлях", актыўны ўдзел у якой мае намер прыняць Беларусь.

Чжун Шань, які будзе прадстаўляць Кітай на інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі, перадаў Аляксандру Лукашэнку найлепшыя пажаданні ад старшыні КНР Сі Цзіньпіна і павіншаваў з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. На яго думку, абмен візітамі на вышэйшым узроўні надае новы магутны імпульс развіццю беларуска-кітайскага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.