Беларускія парламентарыі працягнулі сваю законатворчую дзейнасць у рамках восеньскай сесіі

15 октября 2015

У Мінску сёння беларускія парламентарыі працягнулі сваю законатворчую дзейнасць у рамках восеньскай сесіі. Сярод разгледжаных дзясяткі законапраектаў, якія датычацца як міжнародных адносін, так і ладу ўсярэдзіне краіны. Так, дэлегаты 5-га Усебеларускага народнага сходу разгледзяць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. Пра гэта заявіў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. У найбліжэйшы час парламент прыме і галоўны фінансавы дакумент краіны на наступны год. Што яшчэ сёння абмяркоўвалі сенатары і дэпутаты, даведаемся ў нашага карэспандэнта Святланы Лук’янюк.

Пра эканамічныя арыентыры на год і пяцігодку сёння гаварылі ў Савеце Рэспублікі. На гэтай сесіі парламент будзе прымаць бюджэт на наступны год. Выдаткі і прыбыткі галоўнага кашалька краіны ўжо амаль сфарміраваныя. Як і маштабная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года. Арыентыр тут для ўсіх эканамістаў, фінансістаў і парламентарыяў адзіны - перадвыбарная праграма Аляксандра Лукашэнкі.

Міхаіл Мясніковіч, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Галоўнае пры працы з гэтымі дакументамі, па якіх будзе жыць і працаваць краіна, - увага да патрэбаў і праблем простых людзей і павышэнне іх жыццёвага ўзроўню, упэўненасць на перспектыву".

Менавіта гэтыя пасылы падтрыманыя 11 кастрычніка на выбарах беларускім народам. Грамадзяне краіны сказалі "так" курсу, які праводзіцца ў палітыцы, эканоміцы і сацыяльнай сферы. І сёння яму патрэбна падтрымка заканадаўчая: прававыя механізмы для прыбытковай працы прадпрыемстваў, росту экспарту, укаранення інавацый і павелічэння інвестыцый.

Міхаіл Мясніковіч, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Уладзе ў цэлым, а значыць, і нам з вамі пастаўленая адказная задача - апраўдаць высокі давер народа, які быў прадэманстраваны чарговы раз на выбарах Прэзідэнта. Сёння кожны з вас павінен крытычна ацаніць узровень сваёй парламенцкай працы, азначыць для сябе і рэалізаваць сістэму мер па развіцці эканомікі і рашэнні сацыяльных і палітычных задач".

Пяцігадовы план сацыяльна-эканамічнага развіцця будзе вынесены на абмеркаванне Усебеларускага народнага сходу. Пакуль жа ўсебаковая распрацоўка. Створаная рабочая група, першыя прапановы ўжо на стале ў прэм'ер-міністра і кіраўніка Нацбанка. А сёння сенатары прынялі некалькі двухбаковых дакументаў: дагавор аб сяброўстве з Кітаем, з Тайландам - аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў, і з Сірыяй - аб дапамозе ў мытных справах. Пагадненні былі ў прыярытэце і ў калегаў у ніжняй палаце парламента.

Сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ратыфікавалі вялікі пакет міжнародных пагадненняў з Расіяй. У прыватнасці, пра час знаходжання на тэрыторыях абедзвюх дзяржаў без рэгістрацыі і стварэнне адзінай базы даных невыязных беларусаў і расіян. Бо зараз праз адсутнасць мяжы з суседкай можна спакойна прыехаць, напрыклад, у Маскву і бесперашкодна паляцець на адпачынак за мяжу. Гаворка ідзе не толькі пра злачынцаў. Але і напрыклад, пра аліментнікаў.

Другім дакументам вырашана зрабіць аднолькавы тэрмін знаходжання беларусаў і расіян адзін у аднаго без рэгістрацыі - 90 дзён. Норма, як чакаецца, увойдзе ў сілу да канца гэтага года. Тым самым мы ставім заслон незаконнай міграцыі, у прыватнасці, працоўнай.

Ігар Шуневіч, Міністр унутраных спраў Беларусі: "Наша заканадаўства ўнутранае больш ліберальнае было ў дачыненні да грамадзян Расійскай Федэрацыі ў частцы міграцыі. У той жа час расійскае заканадаўства ў нейкай ступені дыскрымінавала нашых грамадзян у частцы разгляду заявы аб падаванні магчымасці заехаць. У нас 30 сутак для іх, у іх да паўгода. Сёння мы ўсе гэтыя нормы прывялі да адзінай роўніцы. І яны і будуць дзейнічаць аднолькава ў дачыненні да грамадзян абедзвюх дзяржаў".

Гледзячы на расійскі закон, беларускія дэпутаты ўносяць папраўкі ў законы, абараняючы дзяцей ад інфармацыі, шкоднай для здароўя, фізічнага і маральнага развіцця. На фільмах, кнігах і іншай друкаванай прадукцыі будзе знак узроставай катэгорыі. Напрыклад, 6+ або 18+ і гэтак далей. Крытэры ацэнкі па ўзросце вызначыць грамадска-кансультатыўны савет пры ўрадзе. У яго ўвойдуць прадстаўнікі розных пластоў насельніцтва і розных прафесій.