Беларускія парламентарыі гатовыя да дыялогу і канструктыўнага супрацоўніцтва з польскімі калегамі

2 августа 2016

Беларускія парламентарыі гатовыя да дыялогу і канструктыўнага супрацоўніцтва з польскімі калегамі. Крокі насустрач адно аднаму вітае і віцэ-маршал польскага сейма Рышард Цярлецкі.

Сёння ён заявіў аб гэтым на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Польшча зацікаўленая ў нармалізацыі адносін з усімі краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку і з Беларуссю, адзначыў ён. Асаблівую ролю ў двухбаковых адносінах бакі адводзяць парламенцкай дыпламатыі. У заканадаўчых органаў дзвюх краін створаныя групы дружбы, і менавіта парламентарыі гатовыя прыкласці максімум намаганняў для вываду кантактаў на новы ўзровень. Кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў назвала гэтую сустрэчу важнай і своечасовай.

Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "У нас вельмі шмат нявыкарыстаных рэзерваў, асабліва, што датычыцца працы ў галіне машынабудавання, дрэваапрацоўкі, IT-тэхналогій , фармацэўтыкі. І тут нам трэба больш актыўна працаваць, у тым ліку і парламентарыям, шляхам стварэння адпаведнай прававой базы. У цэлым, я лічу, вось гэты візіт, сённяшняя сустрэча, адкрываюць вялікія перспектывы для нашага супрацоўніцтва".

Як адзначаюць парламентарыі, існуючыя на сёння праблемныя пытанні ў двухбаковых адносінах неабходна вырашаць толькі шляхам дыялогу - канструктыўна, прагматычна, паважаючы суверэнітэт кожнай дзяржавы.