Беларускія дыпламаты падвялі вынікі штогадовага семінара для кіраўнікоў замежных устаноў

14 июля 2017

У найбліжэйшыя дні паслы павінны сфармуляваць пэўныя прапановы па аптымізацыі знешнеэканамічнай дзейнасці. Чаму сітуацыя ў свеце спрыяльная для нарошчвання экспарту, і як імідж краіны звязаны з яе эканомікай, распавядзе Юрый Казлоў.

Рост экспарту і павышэнне ролі Беларусі на сусветнай арэне ў МЗС Беларусі падвялі вынікі штогадовага семінара кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў нашай краіны за мяжой. Усяго ў Мінск прыехалі каля 50 дыпламатаў. Іх галоўная задача – зверыць гадзіннікі ў знешнеэканамічнай дзейнасці. Бо ад работы паслоў у гэтай сферы шмат у чым залежыць не толькі дынаміка нацыянальнай эканомікі, але і ўстойлівасць развіцця ўсёй дзяржавы.

Семінар для дыпламатаў стартаваў у Мінску ў пачатку тыдня. Яшчэ ў аўторак, сустракаючыся з кіраўнікамі дыппрадстаўніцтваў, Аляксандр Лукашэнка акрэсліў чатыры прыярытэтныя задачы для беларускай знешняй палітыкі. Тры з іх звязаныя са знешнеэканамічнай дзейнасцю. І размова ішла не проста аб нарошчванні экспарту, а аб змене яго структуры, уключаючы павелічэнне долі медыцынскіх, адукацыйных паслуг. Плюс больш актыўнае дыверсіфікаванне - на Захад і ў краіны далёкай дугі. Такая ўвага эканамічнаму аспекту дыпламатыі надаецца нездарма. Па-першае, экспарт - адна з асноў дабрабыту краіны, па-другое - трывалыя гандлёва-эканамічныя сувязі заўсёды пазітыўна адбіваюцца і на двухбаковых адносінах.

У якасці прыкладу можна прывесці Літву - наша краіна забяспечвае траціну грузаабароту Клайпедскага порта. І ў перыяды крызісу ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС, Вільнюс нярэдка станавіўся на бок афіцыйнага Мінска. Зараз улады Літвы перыядычна крытыкуюць будаўніцтва БелАЭС, аднак на гандлі гэта не адбіваецца.

Тавараабарот паміж краінамі расце, нават без уліку такой важнай пазіцыі як нафтапрадукты. Прагматычны падыход у дзеянні.

Дарэчы, адна з задач, якая стаіць зараз перад краінай, - нарасціць долю інавацыйных і высокатэхналагічных тавараў і паслуг у экспарце. Тут ужо ёсць вызначаныя напрацоўкі, у якіх, як чакаецца, будзе задзейнічана і айчынная аўтамабільная прамысловасць.

Вялікія надзеі дзяржава ўскладае і на IT-сектар. У гэтай сферы Беларусь даўно стала вядомым і запатрабаваным брэндам. Летась экспарт беларускіх паслуг у ЗША - гэта сусветны лідар у галіне тэхналогій - склаў 400 мільёнаў долараў. 95 % - IT-паслугі.

Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены: у цэлым, сітуацыя ў свеце зараз спрыяльная для нарошчвання экспарту і ўмацавання ўжо існуючых сувязяў. Галоўнае - не ўпусціць момант.

Дарэчы, у эканамічнай сферы на руку краіне зараз іграе і палітыка. У апошнія гады пазнавальнасць Беларусі ў свеце сур'ёзна павысілася, палепшыўся імідж краіны на сусветнай арэне. Толькі гэтым летам у Мінску прайшлі два форумы агульнаеўрапейскага маштабу - Савет Міністраў краін Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы і сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Плюс рэгулярныя пасяджэнні кантактнай групы па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Пасол у Францыі Павел Латушка лічыць, што ў Беларусі ёсць яшчэ адзін важны козыр - культура. Таксама важны складальнік пазітыўнага іміджу, які павінен прыцягнуць і турыстаў, і інвестараў.

Паводле апублікаваных днямі звестак Нацыянальнага банка, за першыя пяць месяцаў гэтага года рост беларускага экспарту склаў 20 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2016-га. Прычым, дадатная дынаміка назіраецца на ўсёй прасторы ЕАЭС. Па выніках семінара, у Мінску дыпламаты ўжо ў найбліжэйшыя дні павінны распрацаваць шэраг прапаноў па аптымізацыі знешнеэканамічнай дзейнасці, адзначыў кіраўнік МЗС Беларусі. Таксама Уладзімір Макей даручыў кіраўнікам замежных устаноў прыступіць да выканання даручэнняў Прэзідэнта, не чакаючы іх афіцыйнага зацвярджэння ў спецыяльным пратаколе.