Беларуская сталіца рыхтуецца да форуму "Мінскі дыялог"

14 мая 2018

Ужо зусім хутка - у наступную сераду - пляцоўкай абмеркавання пытанняў і эканамічнага, і палітычнага характару, прычым на ўзроўні міжінтэграцыйнага ўзаемадзеяння, стане Мінск.

Беларуская сталіца рыхтуецца да форуму "Мінскі дыялог". Узровень прадстаўніцтва беспрэцэдэнтны. Ужо вядома, што ўдзел у ім возьмуць Генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, экс Генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа і намеснік памочніка кіраўніка НАТА Джэймс Апатурай. Усяго ж для ўдзелу ў "Мінскім дыялогу" збяруцца 350 вядучых экспертаў і палітыкаў з 40 краін свету. На парадку дня рэгіянальныя пытанні бяспекі ў кантэксце глабальных, агульнасусветных працэсаў па бяспецы і міжнародных адносінах.

Дзяніс Мельянцоў, каардынатар праграмы "Знешняя палітыка Беларусі" экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог":

"Мы плануем і агульнатэарэтычныя секцыі, што датычацца змянення міжнароднага парадку, міжнародных адносін, якім чынам фарміруюцца міжнародныя арганізацыі. Таксама мы разгледзім вельмі практычныя пытанні. Напрыклад, як выконваюцца мінскія пагадненні па Украіне, якім чынам ажыццяўляецца кантроль за ўзбраеннямі ў Еўропе, як праходзіць санкцыённая вайна паміж Расіяй і Захадам і наколькі гэта адбіваецца на нашай краіне і рэгіёне ў цэлым".

Яўген Прэйгерман, кіраўнік экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог": "Мінск у гэтым дачыненні з'яўляецца аптымальным месцам для таго, каб абмяркоўваць супрацьстаянні, супярэчнасці паміж Захадам і Усходам. Пра гэта ж сведчыць і спіс нашых партнёраў. Гэта вядучыя даследчыя цэнтры ЗША, Германіі, шырока прадстаўлены эксперты з Расіі, і - што вельмі важна - з Кітая".

Частка дыскусій будзе прысвечана і эканамічнаму складальніку - напрыклад, перспектывам узаемаадносін паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і ЕС, развіццю ініцыятывы "Усходняе партнёрства", а таксама кітайскім праекту "Адзін пояс - адзін шлях".