Беларуская дэлегацыя накіравалася ў Нью-Ёрк на сесію Генасамблеі ААН

1 октября 2018

Сёння пачынаецца другі тыдзень агульнапалітычных дыскусій у рамках 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. У Нью-Ёрк накіравалася беларуская дэлегацыя на чале з міністрам замежных спраў нашай краіны Уладзімірам Макеем.

Анатоль Глаз, начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Падчас агульнапалітычнай дыскусіі 1 кастрычніка міністр прадставіць высокім удзельнікам гэтага ўплывовага міжнароднага форуму бачанне Беларуссю шляхоў удасканалення дзейнасці ААН, падтрымкі Арганізацыяй дзяржаў у працэсе дасягнення Мэт устойлівага развіцця, а таксама падыходы нашай краіны да вырашэння актуальных пытанняў у галіне міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі".

Кіраўнік нашай дэлегацыі правядзе сустрэчы з Генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам, старшынёй цяперашняй сесіі Марыяй Фернандай Эспінозай, а таксама з калегамі з іншых краін. Усяго за час працы сесіі чакаюцца выступленні больш за 90 лідараў краін, каля 40 кіраўнікоў урадаў і больш як 50 міністраў замежных спраў.