Беларусь зацікаўлена ў далейшым далучэнні да канвенцый Савета Еўропы

21 апреля 2015

Пра гэта на пасяджэнні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАСЕ заявіў кіраўнік камісіі парламента па міжнародных справах Мікалай Самасейка. Таксама, паводле слоў дэпутата, Беларусь гатова дабівацца вяртання статусу спецзапрошанага ў ПАСЕ і адкрыта для абмеркавання пытання аб смяротнай кары, як асабліва значнага для Савета Еўропы.

Мікалай Самасейка, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах: "Зараз дзейнічае рэзалюцыя ПАСЕ ад 23 чэрвеня 2009 г., у якой адзначана, што статус спецзапрошанага Рэспублікі Беларусь можа быць вернуты толькі пры ўмове ўвядзення мараторыя на смяротную кару. Мы маем намер дабівацца вяртання статусу спецзапрошанага, але пры ўсім тым наша пазіцыя, нашы каштоўнасці застаюцца нязменнымі".

У ПАСЕ здаволены сённяшнім пасяджэннем камітэта па сітуацыі ў Беларусі, заявіў журналістам дакладчык камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні. Палітык адзначыў важнасць працягу дыялогу Савета Еўропы і ПАСЕ з нашай краінай.