Беларусь сёння прымае сумеснае пасяджэнне калегій МЗС дзвюх краін

22 ноября 2016

Адначасова з перамовамі ў Маскве двухбаковыя адносіны абмяркоўваюць у Мінску. Беларусь сёння прымае сумеснае пасяджэнне калегій МЗС дзвюх краін. Сярод пытанняў супрацоўніцтва на міжнароднай арэне - ад узаемадзеяння з Еўрасаюзам і работы ЕАЭС да барацьбы са спробамі пераасэнсаваць вынікі Другой сусветнай. Падрабязнасці ў Юрыя Казлова.

Парадак дня пасяджэння калегіі МЗС Беларусі і Расіі традыцыйна шырокі - ад барацьбы са спробамі фальсіфікацыі гісторыі да зверкі пазіцый у знешняй палітыцы. Як адзначыў кіраўнік беларускага МЗС, адыходзячы год быў насычаны неадназначнымі падзеямі, многія з якіх кідаюць выклік нацыянальнай бяспецы. Пагаршае сітуацыю і дэфіцыт даверу і гатоўнасці да кампрамісаў, які назіраецца апошнім часам на сусветнай арэне, падкрэсліў Уладзімір Макей.

У цэлым бакі ахарактарызавалі адносіны паміж краінамі як даверныя. Па большасці пытанняў знешняй палітыкі пазіцыі Беларусі і Расіі супадаюць, канстатавалі дыпламаты. Гаварылі і наконт супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. У лютым ЕС адмяніў санкцыі, што дзейнічалі ў дачыненні да Беларусі даволі доўгі час. Тым не менш, Уладзімір Макей заявіў, што, нягледзячы на пэўны прагрэс, да поўнай нармалізацыі адносін з Бруселем яшчэ далёка. Сяргей Лаўроў, у сваю чаргу, падзякаваў Беларусі за тое, што пры наладжванні адносін з Еўрасаюзам і НАТА наша краіна заўсёды ўлічвае абавязацельствы, узятыя на сябе ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Што да работы Еўразійскага эканамічнага саюза, то тут міністры спрабавалі выпрацаваць фармат дыялогу з дзяржавамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, якія дэманструюць цікавасць да гэтага аб'яднання. Пасля размова можа ісці і наконт стварэння зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і краінамі АСЕАН".

Таксама на пасяджэнні ў Мінску дыпламаты абмеркавалі работу па дасягненні мэтаў ААН у галіне ўстойлівага развіцця, чарнобыльскія ініцыятывы і ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў рамках МАГАТЭ. Апошні пункт сёння асабліва важны ў кантэксце будаўніцтва Беларускай АЭС.