Беларусь разлічвае на пачатак актыўнага дыялогу з Польшчай

11 декабря 2016

На тыдні, нягледзячы на геаграфічную блізкасць, нашу краіну ўпершыню наведаў маршал сената Польшчы. У Мінску Станіслава Карчэўскага прыняў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Сустрэўся маршал сената і з кіраўнікамі абедзвюх палат беларускага парламента. Беларусь і Польшча будуць фарміраваць ясную перспектыву супрацоўніцтва краін ва ўсіх найважнейшых пытаннях: ад моладзевай палітыкі да энергетыкі. Акрамя таго, краіны будуць рыхтавацца да Форуму рэгіёнаў Беларусі і Польшчы. Аляксандр Лукашэнка ідэю падтрымаў. Заходняя суседка  - наш трэці партнёр па тавараабароце і ўваходзіць у дзясятку інвестараў у эканоміку Беларусі. У нас больш за 350 кампаній з польскім капіталам. І хоць  апошні час дыялог актывізаваўся, палітычныя адносіны яшчэ трэба будзе падняць да ўзроўню эканамічных.

Вярнуўшыся з Мінска ў Варшаву, Станіслаў Карчэўскі стаў госцем папулярнай польскай радыёстанцыі ZET. І вось што маршал сената распавёў пра свой візіт у Беларусь. "Гэта быў мой самы складаны міжнародны візіт, але вельмі важны. Важны для Польшчы, для Беларусі і для павароту Беларусі ў еўрапейскім кірунку".

Падзяліўся з польскімі радыёслухачамі Станіслаў Карчэўскі і дэталямі перамоў з Прэзідэнтам Беларусі. "Гутарка была добрай і сардэчнай. Мы гаварылі больш, чым планавалі, больш за гадзіну. У мяне склалася ўражанне, што Лукашэнка - гэта палітык, для якога Беларусь вельмі важная. Для яго важна, каб Беларусь развівалася. І няўзброеным вокам бачна, што Беларусь змяняецца. Я быў там 11 гадоў таму, за гэты час адбыліся вялікія перамены. Спадар Лукашэнка клапоціцца пра інтарэс Беларусі, гэта бачна. І бачна, што гэта цёплы чалавек".