Беларусь вітае пазітыўны характар працэсаў у адносінах Мінска і Бруселя

14 мая 2019
Гэта адзначыў кіраўнік нашай дэлегацыі - міністр замежных спраў Уладзімір Макей - на канферэнцыі высокага ўзроўню з нагоды дзесяцігоддзя ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства". У прыватнасці, да канца гэтага года пасля завяршэння адпаведных працэдур будуць падпісаны пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Аднак у супрацоўніцтве Беларусь-ЕС яшчэ застаецца шэраг пытанняў. 

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Мы вырашылі ўдзельнічаць у ініцыятыве "Усходняе партнёрства" з самага пачатку. Гэта было наша дакладнае рашэнне. Дагэтуль некаторыя людзі лічаць, што Беларусь - гэта нейкая буферная зона. Мне не падабаецца гэтая фармулёўка. Я бы хацеў гаварыць аб зоне росквіту і дабрабыту. За апошнія тры-чатыры гады бакі дасягнулі значна больш, чым за папярэдняе дзесяцігоддзе, калі ў дачыненні  да Беларусі дзейнічалі абмежаванні і санкцыі. Але дасягненні ёсць ва ўсіх сферах. Важна працягваць дыялог, адкрыта абмяркоўваць праблемы, якія застаюцца. Яшчэ адна праблема: па-ранейшаму захоўваецца нізкая прыкметнасць ініцыятывы "Усходняе партнёрства", прынамсі ў Беларусі. А гэта значыць, што нам трэба больш увагі надаваць прагматычнаму характару гэтай ініцыятывы, каб яна была накіравана на дасягненне канкрэтных, адчувальных вынікаў".

Размова ідзе аб неабходнасці  зняцця гандлёвых бар'ераў, якія застаюцца, і аб хутчэйшым падпісанні прыярытэтаў партнёрства. А вось візавае пагадненне Беларусі з ЕС удасца  заключыць яшчэ да падаражання "шэнгена",  упэўнены Уладзімір Макей.