Беларусь прапануе свой варыянт стратэгіі еўразійскай інтэграцыі да 2025 года

27 февраля 2020
Ініцыятывы Мінска ў год старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе, ліквідацыя бар'ераў у аб'яднанні, рэальная эканамічная інтэграцыя і беларуска-расійскія адносіны.


А. Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком калегіі ЕЭК

Пра гэта сёння ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта і кіраўніка калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Міхаіл Мясніковіч заняў гэту пасаду 1-га лютага. Гэта прызначэнне супала з годам старшынства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Паскарэнне стварэння адзіных рынкаў, агульная палітыка ў сферах прамысловасці, АПК, энергетыкі, транспарту. А яшчэ ўзмацненне наднацыянальнай кампетэнцыі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Гэта толькі частка ініцыятыў, якія Беларусь будзе настойліва прасоўваць у год свайго старшынства. 


19 мая ў Мінску адбудзецца пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета з удзелам кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС


Пройдзе і першы Еўразійскі эканамічны форум. У гэты час плануюць падпісаць  стратэгію эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Афіцыйны Мінск прапануе свой варыянт - за рэальную інтэграцыю.

Унутры саюза па-ранейшаму поўна рознагалоссяў, на сённяшні дзень гэта 66 перашкод: вынятак, абмежаванняў і бар'ераў. Асноўную прычыну таго, чаму дагэтуль не ўдалося дамовіцца па многіх пытаннях,  наш Прэзідэнт бачыць у відавочнай пасіўнасці і нават абыякавасці краін-удзельніц ЕАЭС. Так званых базавых свабод у саюзе, а гэта безбар'ернае перамяшчэнне тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталу, дагэтуль няма. Г.з. няма роўных умоў для кампаній, прадпрыемстваў і людзей. А  будучыня ЕАЭС залежыць і ад таго, наколькі эфектыўна кропкавае супрацоўніцтва краін "пяцёркі". Сёння неаднаразова закранулі партнёрства з нашым найбліжэйшым саюзнікам - Расіяй. Тут па-ранейшаму хапае крыватолкаў. Узяць хоць бы нядаўні прыклад -  апошняя тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна  па пастаўках вуглевадародаў, пасля якой наш Прэзідэнт публічна назваў усе падрабязнасці. Тым не менш  яе сутнасць многія патлумачылі зусім інакш. 


Стратэгія развіцця ЕАЭС да 2025 года прадугледжвае зняцце ўсіх бар'ераў і абмежаванняў

За месяц на пасадзе кіраўніка калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч пабываў ва ўсіх краінах аб'яднання. Дарэчы, літаральна  днямі ён вярнуўся з Казахстана. На мінулых сустрэчах абмяркоўвалася стратэгія развіцця ЕАЭС да 2025 года. Як распавёў журналістам кіраўнік ЕЭК, праект дакумента распрацаваны і знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці. Ён прадугледжвае  зняцце ўсіх бар'ераў і абмежаванняў. 

Саміт ЕАЭС пройдзе ў Мінску 19 мая


У найбліжэйшы час будзе створаны аргкамітэт па правядзенні ў Мінску пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. У дні саміту пройдзе і першы Еўразійскі эканамічны форум. Удзел у ім возьме бізнес-супольнасць краін ЕАЭС.