Беларусь прапаноўвае больш актыўна развіваць супрацоўніцтва ЕАЭС з ЕС і краінамі далёкай дугі

1 октября 2019

Падчас выступлення сёння на саміце ЕАЭС Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў развіццё супрацоўніцтва саюза з трэцімі краінамі. У пасяджэнні ўдзельнічалі прэзідэнт Малдовы як кіраўнік дзяржавы-назіральніка ў саюзе, а таксама прэзідэнт Ірана і прэм'ер-міністр Сінгапура ў якасці ганаровых гасцей. З гэтымі дзяржавамі сёння ствараюць зоны свабоднага гандлю ЕАЭС. Акрамя таго, сёння ў Ерэване кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі канцэпцыю фарміравання агульнага фінансавага рынку. Яна стане асновай для забеспячэння вольнага руху капіталу і паслуг. Арганізацыя такога рынку, на думку Прэзідэнта Беларусі, павінна быць спалучаная з лічбавізацыяй: гэта дазволіць развіваць перадавыя фінансавыя тэхналогіі і зрабіць больш даступным увесь спектр падобных паслуг. 

Парадак дня сённяшняга саміта ўключаў паўтара дзясятка пытанняў, у тым ліку  зняцце абмежаванняў - іх у Еўразійскім эканамічным саюзе зафіксавана 52. Акрамя таго, расце колькасць бар'ераў - іх ужо 19. І ўсё гэта  нягледзячы на прынятую дарожную карту. Аляксандр Лукашэнка заклікаў астатнія дзяржавы больш актыўна працаваць у гэтым пытанні. 

Асаблівая ўвага была прыкавана да саміта ў Ерэване. Бо сёлета ЕАЭС спаўняецца пяць гадоў. А арганізацыя пакуль так і не зарабіла ў поўную сілу. Многае трэба зрабіць, у тым ліку падчас старшынства ў аб'яднанні, якое ў наступным годзе пераходзіць да нашай краіны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь рыхтуецца да гэтага перыяду з усёй сур'ёзнасцю. Акрамя таго, у 2020 Мінск прыме і Еўразійскі эканамічны форум.

Хоць гэтая камандзіроўка, вядома, першым чынам была звязаная з удзелам у працы Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, Аляксандр Лукашэнка правёў і двухбаковыя перамовы. Так, на палях саміта сёння адбылася сустрэча з прэзідэнтам Казахстана. Паводле слоў беларускага лідара, наша краіна падрыхтавала для свайго гандлёвага партнёра прапановы па ўваходжанні ў капітал найбуйнейшых прадпрыемстваў. 

Падрабязнасці вялікага перагаворнага дня ў Ерэване - сёння ў "Панараме".