Беларусь выступае за забарону ядзерных выпрабаванняў

26 сентября 2019

Беларусь падтрымлівае міжнародныя намаганні  па забароне ядзерных выпрабаванняў. Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў нашай краіны ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай Асамблеі ААН. Уладзімір Макей прыняў удзел у канферэнцыі ў падтрымку ўступлення  ў сілу Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў. Паводле яе  вынікаў бакі  прынялі дэкларацыю, якая прадугледжвае актывізацыю міжнародных намаганняў у мэтах скарэйшага пачатку яго дзеяння. Нагадаем, дагавор  быў прыняты ў 1996 годзе, аднак дагэтуль не ўступіў у сілу. Яго не падпісалі Індыя, КНДР і Пакістан. Яшчэ 5 краін (Егіпет, Ізраіль, Іран, Кітай і ЗША) паставілі пад дагаворам свае подпісы, але не ратыфікавалі яго.