Беларусь адчыняе дзверы для замежных падарожнікаў

9 января 2017

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння падпісаў указ, які ўстанаўлівае бязвізавы ўезд у нашу краіну для грамадзян з 80 дзяржаў.

Тэрмін візіту пры гэтым - не больш за 5 дзён. А ўезд і выезд выключна праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Указ распаўсюджваецца ў першую чаргу на спрыяльныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі, а таксама дзяржавы, якія раней у аднабаковым парадку ўвялі бязвізавы рэжым для беларусаў.

Свабодна прылятаць у Беларусь змогуць жыхары 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама грамадзяне Бразіліі, Інданезіі, ЗША, Японіі, Аўстраліі і некаторых іншых дзяржаў. Указ Прэзідэнта аб бязвізавым уездзе накіраваны на актывізацыю падарожжаў бізнесменаў, турыстаў, а таксама прыватных асоб. Для іншаземцаў, якія ажыццяўляюць афіцыйныя паездкі, правілы застануцца ранейшымі.

Каб трапіць без візы ў Беларусь, спатрэбіцца пашпарт, страхоўка і грашовыя сродкі - не менш за 46 рублёў на дзень знаходжання. Бязвізавы рэжым не будзе распаўсюджвацца на падарожнікаў, якія прылятаюць у Мінск з Расіі, або ляцяць з нашай краіны ў расійскія аэрапорты. Такія рэйсы з'яўляюцца ўнутранымі, і пагранічны кантроль на іх адсутнічае. Новыя правілы ўезду ў Беларусь пачнуць дзейнічаць праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання ўказа Прэзідэнта.