Беларусь не плануе станавіцца членам Еўрасаюза, але зацікаўлена ўдзельнічаць у яго ініцыятыве

11 декабря 2017

Сёння пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў на форуме "Еўрапейскі саюз і "Усходняе партнёрства": падыходы да рэгіянальнага супрацоўніцтва". Алег Краўчанка дадаў, што Мінск і ЕС маюць намер пачаць перамовы аб базавым пагадненні. У сваю чаргу намеснік генсакратара ЦЕІ адзначыла, што старшынства Беларусі ў аб'яднанні ўнесла станоўчы баланс у дзейнасць арганізацыі.

Маргот Клестыль-Лёфлер, намеснік генеральнага сакратара Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы: "Беларусь выдатна выступае ў якасці старшыні ЦЕІ сёлета. Па-першае, выдатная арганізацыя, а гэта таксама вельмі важна для разумення Беларусі краінамі-ўдзельніцамі, а іх усяго 18, 10 з іх - краіны Еўрапейскага саюза. І ў Беларусі зараз вельмі шмат розных ініцыятыў, у тым ліку канферэнцыі па навуцы і тэхналогіях. Яны сканцэнтраваны на дыгіталізацыі, накіраваны на тэхналогіі будучыні. У чэрвені ў Беларусі таксама адбылася сустрэча кіраўнікоў гандлёва-прамысловых палат краін ЦЕІ. І гэтая сустрэча прайшла вельмі паспяхова. І мы ўпэўненыя, што Беларусь у якасці старшыні ЦЕІ сапраўды ўзмоцніць еўрапейскую палітыку суседства. Мы вельмі ўдзячныя, вы зрабілі выдатную працу".

Форум праходзіць у Мінску напярэдадні саміту Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы на ўзроўні кіраўнікоў урадаў і ключавых міністраў.